RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ключы ад новых кватэр у Клімавічах атрымалі шматдзетныя сем’і і маладыя спецыялісты

40-кватэрны дом сёння ўрачыста ўвялі ў эксплуатацыю ў Клімавічах. Напярэдадні даты 7 лістапада традыцыйна беларусы атрымліваюць падарункі. Галоўныя госці на святочным мерапрыемстве – навасельцы. Адзінаццаць кватэр у новабудоўлі – для шматдзетных сем’яў. Сярод інструментаў дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля для жыхароў гэтага райцэнтра, акрамя Указа № 240 (прадугледжвае прадастаўленне асобным катэгорыям грамадзян субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі), дзейнічае Указ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». У гэтым выпадку крэдыт на будаўніцтва вылучаецца на 20 гадоў пад 1% гадавых. Галоўная ўмова – абодва, муж і жонка, павінны працаваць на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У 2021 годзе ў Магілёўскай вобласці для шматдзетных сем’яў будзе пабудавана тысяча кватэр. 1440 шматдзетных сем’яў у рэгіёне сёлета прынялі рашэнне датэрмінова распарадзіцца сямейным капіталам, з іх 1260 – на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Восем арэндных кватэр у новабудоўлі атрымаюць маладыя спецыялісты, якія прыехалі па размеркаванні ў Клімавіцкі раён. Сярод навасёлаў – малады педагог Святлана Душанкова. Дзяўчына працуе настаўнікам хіміі і біялогіі ў сельскай школе ўжо трэці год, да гэтага часу здымала жыллё. Святлана лічыць, што арэндная кватэра – гэта ўжо амаль свая, ды і здаецца з аздабленнем пад ключ:

– Мне застанецца перавезці мэблю. Пакуль мой муж працуе ў суседнім раёне. Кватэрнае пытанне, вядома, многае вырашае ў выбары месца жыхарства. Праца мне падабаецца. У нашай школе ў мінулым годзе быў зроблены рамонт. Шкада толькі, што дзяцей не так многа, як у гарадской школе, але ў гэтым годзе прыйшло чатырнаццаць першакласнікаў.

Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Шапкін удакладняе, што сёлета аб’ёмы будаўніцтва ў раёне выраслі. Яшчэ адзін важны для райцэнтра бонус ад будаўніцтва новых кватэр – развіццё гарадской інфраструктуры.

– У цэнтральнай частцы горада ў нас размяшчаліся баракі 1970-х гадоў пабудовы. Яны не толькі псавалі сваім выглядам гарадскі пейзаж, але і бытавыя ўмовы для жыхароў адставалі ад патрабаванняў часу. Гэтыя баракі мы зносім, а на іх месцы пабудуем новае жыллё, гандлёвыя цэнтры. А іх жыхары атрымалі кампенсацыю па рынкавым кошце і арэндныя кватэры ў новабудоўлі, – адзначыў Аляксандр Шапкін.

СБ 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая