RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскую вобласць наведаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Драгун

Падчас паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт краіны паставіў задачу аператыўна распрацаваць ветравальна-бураломныя ўчасткі, якія ўтварыліся ў выніку нядаўняга ўрагану. Паводле папярэдніх ацэнак, праз непагадзь у краіне пацярпела больш за 15 тыс. га лесу. Больш за ўсё – у Магілёўскай вобласці, дзе павалена кожнае трэцяе дрэва, у асноўным іглічных парод, – хвоі, елкі.

Адбылася выязная нарада па пытаннях навядзення парадку ў лясным фондзе пад кіраўніцтвам першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Драгуна, які асабіста праінспектаваў ветравальна-бураломныя ўчасткі ў Магілёўскім, Быхаўскім і Чавускім лясгасах.

Аляксандр Драгун пераканаўся, што ўсюды працы вядуцца зладжана, выконваюцца правілы тэхнікі бяспекі, створаны годныя ўмовы працы.

Адкладзены планавыя высечкі, усе сілы накіраваны на ліквідацыю наступстваў урагану, задзейнічана высокапрадукцыйная тэхніка. Паслугі па нарыхтоўцы драўніны выстаўлены на біржу прыватным кампаніям, якія сёння таксама змагаюцца з наступствамі непагадзі.

Дарэчы, драўніна нічым не горшая, чым пры планавых высечках, – падыходзіць для глыбокай перапрацоўкі. Больш высокія гатункі пойдуць на вытворчасць мэблі, фанеры, больш нізкія – на паддоны, пелеты, дранку.

Галоўная задача работнікаў лясгасаў – не дапусціць страты якасці, не даць драўніне залежвацца на зямлі, прыбраць яе як мага хутчэй.

Аляксандр Драгун расказаў журналістам, якія прысутнічалі на выязной нарадзе, што больш за 30% участкаў ужо адпрацавана. Першачарговая ўвага надаецца ўчасткам, на якіх грунты з нізкай апорнай здольнасцю, – толькі цяпер, у марознае надвор’е, тут можа прайсці тэхніка.

У Магілёўскай і Гомельскай абласцях работы па ліквідацыі наступстваў ураганнага ветру плануецца завяршыць да 1 красавіка, па іншых рэгіёнах краіны – да 1 сакавіка.

Але трэба будзе не толькі расчысціць лес ад паваленай ураганам драўніны. Па законе на працягу трох гадоў на пацярпелых ад непагадзі участках трэба правесці лесаўзнаўляльныя работы.

У Магілёўскай вобласці ўласнага пасадачнага матэрыялу хапае: тут працуе насеннегадоўчы цэнтр, а ў лясгасах створаны гадавальнікі, дзе вырошчваюць дрэвы лесаўтваральных парод: елку, сасну, дуб. Так што лесааднаўленне на пацярпелых ад урагану тэрыторыях пачнуць ужо сёлета.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая