RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Моладзь Бабруйска абмеркавала праект Канстытуцыі

Дыялогавыя пляцоўкі ўжо сталі своеасаблівым сімвалам гэтай зімы, яны даказалі сваю эфектыўнасць у ролі індыкатараў запытаў грамадства. На іх па ўсім горадзе плённа абмяркоўваюць галоўную палітычную падзею краіны – праект абноўленай Канстытуцыі і маючы адбыцца рэферэндум – з людзьмі ўсіх слаёў грамадства. Не можа абысці бокам гэтае пытанне моладзь, бо новае пакаленне бабруйчан выдатна разумее, што менавіта ім у большай ступені жыць з абноўленым Асноўным законам краіны. І менавіта таму моладзь сёння праяўляе асаблівую цікавасць да абмеркавання праекта Канстытуцыі.

Так, чарговая сустрэча ў фармаце дыялогавай пляцоўкі адбылася на базе гарадскога тэлеканала «Бабруйск 360». Удзельнікамі сталі члены маладзёжнага парламента, спікерамі выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вераніка Вільчык і дэпутат Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, галоўны рэдактар медыяхолдынга «Бабруйскае жыццё» Мікалай Сілкоў.

Спікеры не толькі расказалі аб усіх навінах, якія плануюцца да ўнясення ў Канстытуцыю, але і дэталёва іх прааналізавалі, выслухаўшы меркаванне кожнага жадаючага выступіць удзельніка.

Удзельнік сустрэчы Сяргей Казусёнак, у прыватнасці, адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці і праўды аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны:

– Гэта важна, бо час ідзе, сыходзяць з жыцця сведкі тых страшных падзей, што дае падставу іншым краінам гэтай маштабнай вайны прысвоіць частку заслуг нашых гераічных продкаў сабе, перакроіць гісторыю ў свой бок, абясцэніць подзвіг, што проста недапушчальна.

Сяргей Казусёнак таксама выказаў меркаванне аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж органамі ўлады:

– Безумоўна, наша рэспубліка павінна застацца Прэзідэнцкай. Але пашырэнне ўплыву Усебеларускага народнага сходу ў дзяржаўным кіраванні – правільнае рашэнне. Сусветная практыка паказвае, што палітычныя рашэнні нязменна выходзяць «на вуліцу». І якраз пашыраныя паўнамоцтвы УНС дапамогуць гэта выключыць. Толькі ўявіце: 1200 чалавек з усёй краіны, розных слаёў грамадства, змогуць даносіць да вярхоў пытанні насельніцтва і прымаць дзейсныя рашэнні ў лёсе дзяржавы. Ці гэта не лепшы прыклад прамога народаўладдзя?

Не пакінулі маладыя людзі без увагі на дыялогавай пляцоўцы і пытанне здаровага ладу жыцця. Свой пункт гледжання па гэтай тэме агучыў Дзяніс Капусцін: хлопец працуе ў Бабруйскім гаррайаддзеле па НС, і гэта тэма яму асабліва блізкая.

– Вельмі дакладна заўважылі ў праекце Канстытуцыі: грамадзянам неабходна несці адказнасць за сваё здароўе. Дзяржава траціць велізарныя

грошы на сферу аховы здароўя і развіццё медыцыны. А што робяць некаторыя людзі ў адказ: ідуць за згубнымі звычкамі, не выконваюць элементарныя правілы бяспекі жыццядзейнасці, бесклапотна ставяцца да свайго арганізма. Часам людзі лічаць, што дзяржава ўсім усё павінна. Але так не пойдзе. Краіна забяспечвае бясплатнай медыцынай, дык трэба і грамадзянам рабіць нешта ў адказ.

А вось прыгожую палову сустрэчы цікавіла пытанне захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Дзяўчаты з захапленнем спрачаліся, як будзе правільна замацаваць у Канстытуцыі тэзіс: «Шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны» або «Шлюб – гэта саюз жанчыны і мужчыны», і каму ўсё ж належыць галоўная роля ў сямейных адносінах. Пункты гледжання адрозніваюцца, аднак як ні мяняй, меркаванні супалі ў адным: аднаполыя шлюбы супярэчаць прыроднай сутнасці, традыцыйнай маралі і хрысціянскім каштоўнасцям.

Дыялогавая пляцоўка прайшла захоплена і плённа, а скончылася на пазітыўнай ноце.

bobrlife.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая