RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Асіповіцкім раёне стартавала ўборка азімай пшаніцы і жыта

Не плач, жыта, камбайны на падыходзе

Як правесці ўборку ўраджаю якасна і ў кароткія тэрміны? Нюансы эфектыўнай працы карэспандэнты «СГ» вырашылі высветліць у Асіповіцкім раёне. І якраз своечасова: першы камбайн КСУП «Вязаўніца-Агра» абжынаў па крузе поле азімай пшаніцы каля вёскі Яноўка.

– Так склалася ў апошнія гады, што менавіта мы пачынаем ўборачную кампанію ў раёне, – расказвае галоўны аграном Раман Давідовіч. – Спачатку прыбралі азімы ячмень – пад яго адвялі 100 гектараў зямлі. Гэта першы вопыт, і ўдалы. Агульны намалот – 486 тон, значыць, сярэдняя ўраджайнасць – каля 49 цэнтнераў з гектара. Ранні ўраджай – добрая дапамога для жывёлагадоўлі ў спякотныя ліпеньскія дні. У гаспадарцы свой млын, так што корм рыхтуюць практычна на месцы.

Пшаніцы пасеялі 579 гектараў. Паспела?

– Трапляецца зялёная, – не ўтойвае галоўны аграном. – Абжынаем поле, каб вецер лепш прадзьмухваў і падсушваў зерне. Першымі прыбіраем ўчасткі, прызначаныя на насенне. Хочацца абысціся без дадатковай сушкі, каб яны максімальна захавалі жыццяздольнасць.

На старце ў гаспадарцы імкнуцца прыбраць жыта, каб не страціць ні зярнятка: культура вельмі «плакучая», як выказаўся Раман Андрэевіч, лёгка абсыпаецца. Пасеялі 500 гектараў. У будучым годзе, дарэчы, ужо плануюць ператасаваць збожжавы клін – пад азімы ячмень аддаць 400 гектараў.

На надвор’е скардзіцца, хоць і модна, у сваім рэпартажы не станем. Камбайнер Алег Аліноўскі з памочнікам Ягорам Галацэвічам настроены на добры вынік. Працуюць на айчынным камбайне GS12, атрымалі новенькі летась.

– Як першы дзень складзецца, так і жніво пойдзе, – расказаў Алег Леанідавіч. – Пакуль без паломак. Лепшае настрой, калі зерне высыпаецца ў бункер. Ён у гэтым камбайне большы, а значыць, і нам працаваць весялей.

Характэрна, што яго малады напарнік, 33-гадовы Ягор, паспрабаваў гарадскога хлеба, некалькі гадоў знаходзіўся ў Маскве, нават вывучыўся там на менеджара па працы з персаналам. А цяпер... Атрымлівае правы трактарыста і жыве ў родным Ялізаве. Гаспадарка выдзеліла ім з жонкай, аграномам Марыяй Галацэвіч, дом.

– Зарплаты ў Расіі і Беларусі зраўняліся, вось і вырашыў вярнуцца, – расказвае памочнік камбайнера. – Заўсёды марыў працаваць з тэхнікай.

Задаволены ўмовамі і кіроўца Іван Жуковіч. Летась на жніве працаваў у адной звязцы з Алегам Аліноўскім, а ў сакавіку атрымаў новенькі МАЗ‑6501С9. Грузападымальнасць – 20 тон, кіраваць лёгка, кабіна мякчэйшая і зручнейшая за ранейшую – усе ўмовы для працы. Характэрна, што ўсю тэхніку напяярэдадні ўборачнай пасля кансультацыі са спецыялістамі падрамантавалі, заладзілі шчыліны, праз якія мог прасыпацца каштоўны ўраджай.

Адначасова са жнівом працягваецца касавіца. Да прыкладу, на некаторых палях з люцэрнай стартаваў трэці ўкос. Але калі нарыхтоўка зялёнай масы – працэс бесперапынны, то занятую пад збожжавымі глебу трэба хутчэй вызваляць, каб даць зямлі адпачыць перад сяўбой азімага кліну.

Між тым галоўны аграном мяркуе, што ўраджайнасць першага абмалоту на поле пшаніцы – каля 41 цэнтнера з гектара. Напоўняцца бункеры хутка – было б надвор’е.

Намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Міхалёў адзначае, што ў раёне на раніцу ўчарашняга дня прыбрана 4 працэнты ад усіх пасеваў збожжавых і зернебабовых культур (без уліку грэчкі, кукурузы і проса). Стартавалі ўсе гаспадаркі. Ужо прыбралі 242 гектары азімага ячменю і 9 гектараў азімай пшаніцы. Перайшлі на азімае жыта. Таксама прыбрана больш за 43 працэнтаў ад запланаванай да ўборкі плошчы пасеваў рапсу.

Наша мэта – як мага хутчэй завяршыць яго ўборку, каб больш актыўна ўключыцца ў жніво, – адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч. – Прагнозы рабіць рана, мы толькі «ўкліньваемся» ў палі. Але спадзяёмся на валавы збор не горшы леташняга: у адных культур ураджайнасць будзе вышэйшая, у другіх – ніжэйшая. Але ў цэлым укладваем усе сілы на дасягненне выніку.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая