Архіў навін

У Эйлаце (Ізраіль) прайшло першынство Еўропы па цяжкай атлетыцы. Магілёвец Сяргей Шаранкоў выйграў залаты медаль сярод юнакоў да 15 і 17 гадоў у вагавой катэгорыі 89 кг з вынікам 357 кг (165 + 192) у суме дваябор’я. У рыўку ў першай спробе наш атлет без цяжкасці вырваў штангу вагой 155 кг. У другім падыходзе Сяргею скарыліся 162 кг. У трэцім падыходзе юнак упэўнена справіўся з вагой 165 кг.
17 снежня з 09.00 да 17.00 будуць праводзіцца рамонтныя работы на чыгуначным пераездзе па вуліцы Вішнявецкага, у сувязі з чым рух транспарту праз названы пераезд будзе забаронены. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім гарвыканкаме. На час перакрыцця ад пасёлка Ямніцкі да чыгуначнага пераезда будзе курсіраваць адзін аўтобус. З боку горада рух аўтобусных маршрутаў № № 22, 29, 44 будзе ажыццяўляцца да прыпыначнага пункта «Рамонтны завод».
Напярэдадні зімовых школьных канікул з 18 па 24 снежня на тэрыторыі рэгіёна пройдзе Тыдзень дзіцячай бяспекі. Пра гэта паведамілі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Галоўная мэта мерапрыемства – папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, паколькі праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму становіцца асабліва актуальнай у канікулярны час. Нявінныя свавольствы, выйшаўшы за бяспечныя межы кватэры, пад’езда, двара, часта становяцца прычынай вялікіх бед і трагедый.
У рэгіянальным парламенце Смаленскай вобласці ў межах закрыцця Вахты памяці – 2019 адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве пошукавых арганізацый Смаленскай і Магілёўскай абласцей, а таксама быў зацверджаны сумесны план рэалізацыі расійска-беларускага патрыятычнага праекта «Магілёў – Смаленшчына. Адна на ўсіх Перамога», прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі.
Навагодні баль для адораных і таленавітых дзяцей адбыўся ў Бабруйску. Традыцыйна ў ліку дзяцей, запрошаных на мерапрыемства, былі выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў. Павіншаваць моладзь прыйшоў старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў выканкама і грамадскіх аб’яднанняў горада.
Рэзідэнцыя Дзеда Мароза адкрылася на базе Бабруйскага аздараўленчага лагера «Мара». Хлапчукі, дзяўчынкі і іх бацькі сустрэліся з казачнымі героямі, пагутарылі з Дзедам Марозам у яго ўтульным доме, пачаставаліся духмянай гарбатай з блінамі, прынялі ўдзел у тэатралізаваным прадстаўленні, наведалі дом Бабы-Ягі, будан Лесавіка, пакаталіся на санях ўладара халадоў і маразоў.
Каля Br60 тыс. сабраў дабрачынны тэлемарафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які прайшоў у прамым эфіры Магілёўскага абласнога тэлебачання 13 снежня. Пра гэта расказала галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Аксана Аляксандравіч.
У дзіцячых садках Магілёўскай вобласці расказваюць і паказваюць дзецям, як захаваць прыроду, паменшыць колькасць смецця і даць рэчам другое жыццё. Спецыялісты ўпэўнены: аб простых рэчах трэба гаварыць проста. Малых вучаць правільна выкідваць смецце. Важна, каб дзеці ўмелі самастойна сартаваць адходы. У навучальных установах маладыя людзі ладзяць модныя паказы дызайнерскіх сумак з прыродных матэрыялаў. Дарэчы, такія сумкі – добрая альтэрнатыва цэлафанавым пакетам.