Архіў навін

Пытанні аховы здароўя, транспартных зносін і даступнасць сацыяльных паслуг абмеркаваў на сустрэчы з жыхарамі вёскі Косічы Быхаўскага раёна намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч.
Першы праект з праграмы мерапрыемстваў па інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму рэалізаваны ў Касцюковічах. Тут у новай кацельні з’явіўся электракацёл на 10 МВт. Пра гэта падчас пашыранай калегіі Мінэнерга распавёў міністр ведамства Віктар Каранкевіч. Паводле яго слоў, усяго плануецца рэалізаваць такія праекты на 19 аб’ектах энергасістэмы краіны. Іх сумарная магутнасць складзе 836 МВт.
Адзіны дзень інфармавання, які пройдзе 20 лютага ў гарадах і раёнах Магілёўскай вобласці, будзе прысвечаны транспартнаму комплексу Рэспублікі Беларусь.
У Магілёўскай вобласці ствараюць IT-кластар. Ён аб’яднае сістэму адукацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, IT-кампаніі, сэрвісныя службы і прадпрыемствы, якія маюць патрэбы выкарыстання IT-тэхналогій, паведаміў дырэктар Магілёўскага агенцтва рэгіянальнага развіцця Яўген Якімаў. Адна з галоўных мэт стварэння кластара– вырашэнне праблемы недахопу кваліфікаваных кадраў у сферы IT.
Амаль шэсць працэнтаў пасадачнага матэрыялу ў Беларусі вырошчваецца з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС). Пра гэта расказаў міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа падчас выніковай калегіі ведамства. Ён адзначыў, што ўсяго за 2019 год у гадавальніках вырашчана больш за 402 мільёны штук стандартнага пасадачнага матэрыялу. З іх з закрытай каранёвай сістэмай амаль 23 мільёны–гэта на 3 мільёны больш, чым у 2018 годзе. Па выніках гэтага года паказчыкі ЗКС падрастуць: у Магілёўскім лясгасе з’явіцца лесасемянны цэнтр з аб’ёмам вырошчвання 3,5 мільёна дрэўцаў.
Адзін з перспектыўных напрамкаў сучаснай камунікацыі–блогінг. У Магілёве зладзілі сустрэчу з папулярнымі інтэрнэт-мысліўцамі для тых, хто толькі хоча завесці сваю старонку ў Інтэрнэце. Паводле звестак сацапытанняў, кожны трэці падлетак марыць стаць папулярным у Інтэрнэце. І магілёўскія блогеры падзяліліся з падлеткамі сваімі сакрэтамі. Акрамя механізмаў папулярызацыі старонак у сацыяльных сетках, стваральнікі ўласных кантэнтаў падказалі, як выбраць паспяховую тэму, падзяліліся сваімі гісторыямі.
З пачатку лютага ў Магілёве курсіруе незвычайнае таксі. Да звыклых «шашачак» дадаўся надпіс «Таксі бяспекі». Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.
Каб пазнаёміць дзяцей з нацыянальнымі традыцыямі, у яслях-садзе аграгарадка Раманавічы Магілёўскага раёна зладзілі «Беларускія вячоркі». Пра традыцыі беларускіх вячорак расказвалі педагогі і самі малыя з дапамогай народных песень, танцаў, прыказак і прымавак. Так калектыў выхавальнікаў імкнецца прывіць дзецям любоў да беларускай культуры.
Турыстычны комплекс на беразе Дняпра плануюць пабудаваць у Магілёве. Праект прадставіў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Скачак. «Будучы комплекс будзе пабудаваны ў парку Падніколле. Ён размесціцца на беразе Дняпра, а тэраса будзе размешчана прама над вадой. Будынак будзе трохпавярховым, што дазволіць размеркаваць патокі гасцей», –заўважыў Уладзімір Скачак.
Больш за Br240 тыс падаткаў недаплаціла ў бюджэт магілёўскае таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца вытворчасцю і ўстаноўкай вокнаў і рамонтна-будаўнічымі работамі. Гэты факт выявілі работнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення Святлана Каладзістая.
Стаўка рэфінансавання з 19 лютага зніжаецца з 9% да 8,75% гадавых, стаўка па крэдыце овернайт –з 10% да 9,75% гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт – з 8% да 7, 75% гадавых. Такая інфармацыя размешчана на сайце Нацыянальнага банка. Адпаведныя рашэнні прыняты праўленнем Нацбанка па выніках сённяшняга пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы. Наступнае пасяджэнне запланавана на 13 мая 2020 года. У мінулы раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі была зніжана 20 лістапада – з 9,5% да 9% гадавых.
Марлевыя павязкі пачалі вырабляць на швейным прадпрыемстве ААТ «Славянка» ў Бабруйску. Пра гэта паведаміў дырэктар ААТ «Славянка» Тэймураз Бачарышвілі.
За 2019 год у Магілёўскай вобласці выяўлены 203 новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі (2018-ы –210). Паказчык захворвання складае 19,3 на 100 тыс. насельніцтва і застаецца на ўзроўні мінулага года, паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. За перыяд статыстычнага ўліку, які вядзецца з 1987 года, у рэгіёне зарэгістравана 1955 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Зараз у вобласці пражывае 1579 чалавек з такім статусам. Паказчык распаўсюджанасці складае 150 на 100 тыс.насельніцтва.
У Бабруйску будуць два дні святкаваць Масленіцу. Народнае свята пройдзе 29 лютага і 1 сакавіка ў гарадскім парку культуры і адпачынку, паведамілі ў аддзеле культуры Бабруйскага гарвыканкама. У праграме – традыцыйныя мерапрыемствы: слуп з пеўнем і падарункамі, спальванне пудзіла зімы, тэатралізаванае прадстаўленне, канцэртная праграма, катанне на конях, лазертаг, забавы і спартыўныя спаборніцтвы, катанне на атракцыёнах. У шырокім асартыменце будуць прадстаўлены бліны з рознымі начынкамі, чай і іншая прадукцыя грамадскага харчавання.
Начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Аляксандр Святаслававіч Шэпелеў 15 лютага правядзе прамую тэлефонную лінію. Задаць пытанні, якія тычацца дзейнасці Дэпартамента, паслуг і іх кошту, патрабаванняў, што прад’яўляюцца да кандыдатаў на службу, перспектыў развіцця, жыхары рэгіёна змогуць з 9.00 да 12.00 па нумары тэлефона (80222) 64-33-10.
Магілёўская вобласць адзначае 31-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Стартам святкавання памятнай даты стала дваццаць другая міжрэгіянальная сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў, якую 7 лютага прыняў Круглянскі раён.
Чатыры кірмашы вакансій пройдуць у Магілёве з 17 па 21 лютага. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама Марына Снытко. «Кірмашы вакансій у Магілёве прымеркаваны да Тыдня занятасці, які стартуе 17 лютага. Плануецца, што ўдзел у іх прыме каля 100 арганізацый горада як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці. Працадаўцам такія мерапрыемствы дапамагаюць у самыя кароткія тэрміны падабраць персанал і сфарміраваць на найбліжэйшую будучыню рэзерв кадраў», – адзначыла Марына Снытко.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №46 аб узнагароджанні ордэнам Маці, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей узнагароды ўдастоены прадстаўніцы розных сфер дзейнасці –работніцы прадпрыемстваў прамысловага сектара, аграпрамысловага комплексу, арганізацый гандлю, адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнага і бытавога абслугоўвання насельніцтва, хатнія гаспадыні. У ліку ўзнагароджаных аператар машыннага даення адкрытага акцыянернага таварыства «Бялынічы» Зінаіда Будкевіч-Чайкоўская.
Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Марыяна Шчоткіна сёння наведала вучэбна-лабараторны корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Яна азнаёмілася з дасягненнямі ВНУ ў спартыўнай і культурнай дзейнасці, выставай навукова-даследчых і інавацыйных распрацовак навучальнай установы.
Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt.кантакт» сумесна з мінскім Цэнтрам беларускай драматургіі прымае заяўкі на ўдзел у маладзёжнай драматургічнай лабараторыі. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Удзельнікі праекта пад куратарствам драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага створаць калектыўны дакументальны тэкст пра наш горад. Пасля завяршэння працы тэкст пад кіраўніцтвам прафесійнага рэжысёра будзе прадстаўлены на сцэне ўстановы культуры ў фармаце чыткі.
Спаборніцтвы XIV зімовай Рэспубліканскай галіновай спартакіяды, удзел у якіх маглі прымаць і прадстаўнікі іншых галін, якія аб’ядноўваюцца Беларускім прафсаюзам работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, праводзіліся ў Мінскай вобласці на базе санаторыя «Нарачанка». Ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця і закрыцця спартакіяды прыняў удзел першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 15 лютага намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Віктаравіч Пархамовіч. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Філіял кафедры «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў» Беларуска-Расійскага ўніверсітэта адкрыўся на базе аўтапарка № 4 у Магілёве. Пра гэта паведамілі ва ўстанове адукацыі. Аўтапарк займаецца тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам грузавых іншамарак. Наяўнае на прадпрыемстве сучаснае абсталяванне і дасведчаны персанал дазваляюць якасна выконваць працу.
Дзіцячае аддзяленне Магілёўскай паліклінікі № 10 будзе пашырана. Гэта стане магчымым пасля рамонту трохпавярховай прыбудовы, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. «Першапачаткова на базе названай паліклінікі планавалася стварыць аддзяленне рэабілітацыі. Але з увядзеннем у працу абласной бальніцы медыцынскай рэабілітацыі неабходнасць у гэтым адпала. Цяпер прынята рашэнне размясціць у трохпавярховай прыбудовы дзіцячае аддзяленне», –заўважыў ён.
У Магілёўскай вобласці на ўсю моц рамантуюць тэхніку, закупляюць насенне і ўгнаенні – рыхтуюцца сустрэць пасяўную кампанію ў поўным узбраенні. А ў ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага Кіраўскага раёна з самалётаў перасаджваюцца на «баксёры» і задумваюцца аб кавуновых плантацыях. Галоўнае–рэнтабельнасць.
Па выніках працы за 2019 год у Магілёўскай вобласці забяспечана стабільнае функцыянаванне сістэмы сацабароны. Пра гэта паведаміла на выніковай калегіі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама яго старшыня Святлана Тарасенка. На пасяджэнне былі запрошаныя намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак і намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка.
У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце адбылася калегія Міністэрства адукацыі Беларусі, дзе падвялі вынікі працы сістэмы за 2019 год. Найлепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі сельскай мясцовасці прызнаная Межысецкая сярэдняя школа (Магілёўскі раён). Сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі першае месца прысуджана Магілёўскаму дзяржаўнаму эканамічнаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Міхайлавіч Кунцэвіч 13 лютага з 13.00 будзе праводзіць выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Быхаве. Месца правядзення прыёму: вул. Леніна, д. 31, адміністрацыйны будынак Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта, канферэнц-зала. Папярэдні запіс на прыём праводзіцца ў аддзеле па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Быхаўскага райвыканкама па працоўных днях з 8.00 да 14.00 і з 14.00 да 17.00 у кабінеце № 14, а таксама па тэлефонах 8 (02231) 79-640, 79-699 у гэты ж час.
Мсціслаўскі жыхар Сяргей Кудзікаў некалі змяніў інфарматыку на кавальскую справу і не шкадуе. Натхніў яго першы «Рыцарскі фэст» і знаёмства з клубамі рэканструкцыі. Цяпер Сяргей – сам стваральнік «Мсціслаўскай харугвы». Ён вучыць дзяцей у мясцовым Доме рамёстваў і тлумачыць ім, што і ў эпоху смартфонаў высока цэняцца рэчы, зробленыя сваімі рукамі і з душой.
У студзені Прэзідэнт узнагародзіў прэміяй «За духоўнае адраджэнне» калектыў аўтараў, якія стварылі фундаментальнае картаграфічнае выданне «Вялікі гістарычны атлас Беларусі». Лаўрэаты аднадушна вырашылі накіраваць грошы на будаўніцтва мемарыяла ў памяць аб трагедыі спаленых вёсак у Магілёўскай вобласці, які плануецца адкрыць у чэрвені.