Архіў навін

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася першая прэс-канферэнцыя, прысвечаная ХV Міжнароднаму моладзеваму тэатральнаму форуму «M.@rt.контакт-2020».
У кастрычніку гэтага года прайшоў першы ў гісторыі рэгіёна інвестыцыйны форум «Магілёўскі раён – тэрыторыя магчымасцяў», які паказаў наяўнасць канкурэнтаздольнага прамысловага патэнцыялу. На форуме быў заключаны шэраг пагадненняў, у тым ліку з ДЛГУ «Магілёўскі лясгас» на суму Br9100 тыс. У адпаведнасці з пагадненнем павінны быць рэалізаваны праекты па будаўніцтве комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай у вёсцы Красніца коштам Br6 млн 400 тыс. і сушыльнага комплексу ў дрэваапрацоўчым цэху в. Вільчыцы – Br1 млн 800 тыс.
Урад зацвердзіў пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы на 2020 год. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 27 снежня 2019 года № 921 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У спісе 29 тэрыторый 28 раёнаў і адзін горад – Бабруйск. У Магілёўскай вобласці ў пералік таксама ўвайшлі Дрыбінскі і Круглянскі раёны.
Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла графік работы арганізацый аховы здароўя ў студзені 2020 года. Так, 4 студзеня ў бальніцах, паліклініках, аптэках і іншых арганізацыях аховы здароўя звычайны працоўны дзень. У панядзелак, 6 студзеня, яны будуць адкрыты па графіку суботы. У аўторак, 7 студзеня, медыкі працуюць па графіку святочнага дня. БЕЛТА
Выйсці на праектную магутнасць абноўленай вытворчасці ААТ «Магатэкс» плануе ў снежні бягучага года. Пра гэта расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Пётр Скачкоў. Паводле яго слоў, рэалізацыя праекта па абнаўленні ткацкай фабрыкі прадпрыемства пачалася ў 2018 годзе. Да канца 2019-га абсталяванне ў межах праекта «Выпуск новых тканін і тканін з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі» ўстаноўлена ў поўным аб’ёме і ўжо вядзецца яго пуска-наладка.
ААТ «Стужка» прыме ўдзел у выставе Heimtextil 2020, якая пройдзе 7–10 студзеня ў Франкфурце-на-Майне, паведамілі ў канцэрне «Беллегпрам». У прыватнасці, наша прадпрыемства пазнаёміць наведвальнікаў з шырокім асартыментам уласнай прадукцыі. ААТ «Стужка» з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў тэкстыльнай галантарэі ў рэспубліцы, выпускае стужкі розных відаў, гардзінныя палотны, абрусы, сурвэткі, пакрывалы, ручнікі, камплекты штор. Выставу таксама плануюць наведаць прадстаўнікі ААТ «Магатэкс».
Са складу Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці выключана сем прадпрыемстваў, у тым ліку два па Магілёўскай вобласці. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай урада ад 31 снежня 2019 года № 964, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада. Савет Міністраў выключыў са складу «Беллегпрама» ТАА «Трыкатажная фабрыка “Арэола”», закрытыя акцыянерныя таварыствы «Фабрыка галаўных убораў “Людміла”» і «Гандлёвы Дом “Прамень-М”», адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Верас», «Мотэкс», «Бабруйская абутковая фабрыка» і «Кажэўнік».
Пяць беларусак, паводле інфармацыі Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics), уключаны ў сусветную эліту жанчын-марафонцаў. Сярод іх прадстаўніцы Магілёўскай вобласці Ніна Савіна і Кацярына Карніенка.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 4 студзеня кіраўнік спраў Магілёўскага аблвыканкама Рыгор Аляксандравіч Варонін. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Апоўдні 7 студзеня жыхароў абласнога цэнтра і гасцей горада на цэнтральнай сцэне Пячэрскага лесапарку чакае тэатралізаваны паказ, забаўляльная праграма з жартамі, прымаўкамі, анекдотамі, рухомымі гульнямі, танцамі і віктарынамі.
У гонар Раства Хрыстова ў Палацы культуры вобласці 7 студзеня пройдуць кірмаш вырабаў ручной працы, дзіцячы ранішнік, а таксама вялікі святочны канцэрт «Святло Раства», у якім прымуць удзел святары Магілёўскай епархіі, выхаванцы нядзельнай школы храма Святых Царскіх Пакутнікаў і ўсіх Новапакутнікаў XX стагоддзя, прафесійныя і аматарскія калектывы рэгіёна. Кірмаш і дзіцячы ранішнік пачнецца ў 12.00, канцэрт – у 14.00. Квіткі можна набыць у абразовай лаўцы храма Царскіх Пакутнікаў у парку Горкага.
У тэлевізійны эфір Магілёўскай вобласці 4 студзеня 1989 года выйшаў першы выпуск інфармацыйнай праграмы «Дзень вобласці». З гэтага дня пачалася самастойная праца абласнога тэлебачання. Аб стварэнні абласной студыі тэлебачання на Магілёўшчыне задумаліся яшчэ ў канцы 1960-х.; тады ж вызначылі, у якім будынку яна размесціцца –на вуліцы Першамайскай, 83. Тут тэлестудыя знаходзіцца і сёння.
Увесь студзень у працоўныя дні з 7.00 да 16.00 на падрыўной пляцоўцы палігона «Асіповіцкі» вайсковай часці 12147 праводзяцца планавыя падрыўныя працы. За гадзіну да пачатку падрыву тут падымаецца чырвоны сцяг і выстаўляецца ачапленне, за 10 хвілін падаецца ўмоўны гукавы сігнал аўтамабіля або ўдары ў гільзу працягласцю 2–3 хвіліны. У адзначаны час катэгарычна забараняецца з’яўленне людзей, праезд тэхнікі, выгул жывёлы і правядзенне сельгасработ на тэрыторыі палігона радыусам не менш за 2 км.
УУС Магілёўскага аблвыканкама сумесна з гімназіяй № 3 горада Магілёва плануюць стварыць у 2020 годзе профільны юрыдычны клас на базе ўстановы адукацыі. Прэзентацыя сумеснага праекта пройдзе ў гімназіі (вул. Ленінская, д. 41) 18 студзеня ў 10.00. Для ўдзелу арганізатары запрашаюць навучэнцаў 7 класаў устаноў адукацыі Магілёва і вобласці. Школьнікаў чакаюць зносіны з аператыўнікамі крымінальнага вышуку, наркакантролю і службы БЭЗ, інспектарамі ДАІ і байцамі АМАП УУС.
За студзень-лістапад 2019 года ў кансалідаваны бюджэт Магілёўскай вобласці паступіла Br1 192,2 млн. Даходы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыліся на 9%, або Br98,9 млн. у фактычным вылічэнні, паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі МПЗ Магілёўскай вобласці. Найбольшыя сумы ў даходах бюджэту склалі паступленні падаходнага падатку –Br420,2 млн. (35,2%), падатку на дабаўленую вартасць – Br164,7 млн. (13,8%), падатку на прыбытак –Br111,2 млн. (9,3%), акцызаў – Br85,6 млн. (7,2%).
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падзякаваў за працу працоўным калектывам прадпрыемстваў, якія забяспечваюць харчовую бяспеку рэгіёна. І пажадаў ім поспехаў у новым годзе.
Прадзюсарская група Белтэлерадыёкампаніі адкрыла прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборачным туры конкурсу песні «Еўрабачанне–2020», паведамілі ў прэс-службе медыяхолдынга.