Архіў навін

Рэканструкцыю паветранага бою пакажуць гледачам у Дзень Незалежнасці на Буйніцкім полі. Пра гэта паведаміў начальнік Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А. М. Кулагіна Іван Касім. «Нашы пілоты прадэманструюць элементы паветранага бою часоў Вялікай Айчыннай вайны. У неба паднімуцца два самалёты, яны будуць адлюстроўваць савецкі і нямецкі знішчальнікі, – расказаў Іван Касім. – Тэхніка, якая будзе ўдзельнічаць у такім тэатралізаваным прадстаўленні, па хуткасці і манеўранасці дазволіць практычна дакладна перадаць паветраную бітву ў небе падчас вайны».
Адкрытая гарадская спартакіяда інвалідаў-калясачнікаў «Залаты леў» збярэ ў Магілёве 1–4 ліпеня больш за 60 удзельнікаў. На спаборніцтвы прыедуць спартсмены-аматары з Беларусі, Расіі і Украіны, расказаў старшыня Магілёўскай арганізацыі рэабілітацыі і спорту інвалідаў-калясачнікаў Алег Юркоў.
«Золата» і два «серабра» заваявалі спартсмены Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту на мінулым у польскім горадзе Познань першынстве Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў, юніёрак і моладзі да 23-х гадоў. Залаты медаль паклаў у скарбонку беларускай вяслярнай дружыны Аляксандр Зубок, які хутчэй за ўсіх пераадолеў у каноэ-адзіночцы 200-метровую дыстанцыю, а Віталь Асецкі заваяваў два сярэбраныя медалі ў каноэ-двойцы на дыстанцыях 1000 і 500 метраў.
Творчая сустрэча з рэжысёрам Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», сцэнарыстам, паэткай Аленай Туравай адбудзецца 2 ліпеня ў кінатэатры «Радзіма». Пра гэта паведаміла спецыяліст аддзела рэкламы, сувязі са СМІ і метадычнай работы «Кінавідэапракат» Аксана Губарэвіч. Як патлумачыла суразмоўніца, мерапрыемства прымеркавана да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама Года народнага адзінства. Падчас сустрэчы пройдзе паказ новага фільма рэжысёра «Зоркі сёмага неба» (Беларусь, 2020, анімацыя, казка-мюзікл, 72 мін, 6+).
Дзіцячае свята «Усміхніся, Планета!!! У Магілёве – лета!» арганізуюць 3 ліпеня з 12.00 да 16.00 у парку Падміколле. Яно стане часткай мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дню горада.
У сувязі з дзяржаўным святам Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня «прамая тэлефонная лінія» ў аблвыканкаме, гарвыканкамах і адміністрацыях раёнаў гарадоў Магілёва і Бабруйска, а таксама ва ўсіх райвыканкамах Магілёўскай вобласці праводзіцца не будзе. Наступная «прамая лінія» адбудзецца ў аблвыканкаме 10 ліпеня з 9.00 да 12.00. Яе правядзе першы намеснік старшыні Анатоль Васільевіч Уласевіч. Па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Больш за 500 удзельнікаў будзе задзейнічана ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 80-годдзю абароны горада Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і Дню Незалежнасці Беларусі, якое адбудзецца на пляцоўцы мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» 3 ліпеня. Пра гэта расказала начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Марына Клепчукова.
Дзяржаўнае рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары (СЗТ) працягнута па 23 верасня 2021 года ўключна. Падаўжэнне ўзгоднена рашэннем Калегіі ЕЭК ад 29 чэрвеня 2021 года, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Акцыя «Падары немаўляці вышыванку» пройдзе ў Магілёўскай вобласці напярэдадні Дня Незалежнасці. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце ГА «БРСМ». Абласная акцыя пройдзе 1 ліпеня на базе радзільнага дома Магілёўскай гарадской бальніцы ХМП. Напярэдадні Дня Незалежнасці актывісты руху «Добрае сэрца», актыў БРСМ сумесна з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, першым сакратаром ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрыем Варанюком і першым сакратаром Магілёўскага абласнога камітэта Уладзімірам Паўлоўскім наведаюць радзільны дом і ўручаць падарункі нованароджаным.