Архіў навін

У Беларусі пачалі ўборку новага ўраджаю. Адна з прыярытэтных задач праваахоўнікаў – прафілактыка і спыненне злачынстваў і правапарушэнняў, забеспячэнне бяспекі дарожнага руху ў сферы аграпрамысловага комплексу, паведамілі ў групе інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Лазневае свята «Лазенькі-2019», якое праходзіць падчас Х Міжнароднага музычнага фестывалю «Вялікая бард-рыбалка» 26-27 ліпеня, збярэ майстроў лазні з пяці краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі, паведамілі ў аргкамітэце мерапрыемства.
У Клічаўскім раёне службовая аўчарка дапамагла знайсці 12-гадовага хлопчыка, які заблукаў у лесе. Пра гэта распавяла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых. Днём 10 ліпеня дзіця разам з мамай адправілася ў лес каля в. Дубна па чарніцы і заблукала. Сітуацыя пагаршалася тым, што ў хлопчыка не было з сабой мабільнага тэлефона.
З пачатку года ў жылым сектары Магілёва замянілі 100 ліфтаў. Пра гэта на планёрцы ў гарвыканкаме распавёў генеральны дырэктар Упраўлення камунальнымі прадпрыемствамі горада Андрэй Кіблоў. Акрамя гэтага, завершаны работы па замене 121 «пераходзячага» з 2018-га года ліфта. Усяго ж у бягучым годзе ў Магілёве запланаваны да замены 268 ліфтаў. Па 60-ці з тых, што засталіся, ідуць работы, дакументацыя каля 30 ліфтаў у цяперашні час знаходзіцца на экспертызе.
На пустцы ўнутры двароў вуліцы Цярохіна ў Магілёве плануюць добраўпарадкаваць пляцоўку з зонамі адпачынку. Праект абмяркоўваўся на планёрцы ў гарвыканкаме. Прадугледжана стварэнне на дадзенай тэрыторыі сеткі пешаходных дарожак і пяці зон адпачынку для дарослых і дзяцей, у тым ліку для малых, і скаладром для падлеткаў. Таксама ў планах стварэнне веладарожкі і невялікі лыжнай трасы. Ёсць прапанова на гэтай жа тэрыторыі знайсці месца для хакейнай пляцоўкі, якую летам можна будзе выкарыстоўваць для катання на роліках.
У Палацы культуры вобласці сёння прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў і прызёраў II Еўрапейскіх гульняў – прадстаўнікоў нацыянальнай зборнай Магілёўшчыны.
Вынікі рэспубліканскага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы арганізацый культуры па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва ў 2018 годзе падвялі на калегіі Міністэрства культуры. Згодна з вынікамі Магілёўшчына стала пераможцам у намінацыях «Лепшая вобласць па арганізацыі канцэртнага і тэатральнага абслугоўвання сельскага насельніцтва» і «Лепшая вобласць па арганізацыі канцэртнага і тэатральнага абслугоўвання сельскага насельніцтва клубнымі арганізацыямі», паведамілі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама.
Біятланіст Уладзімір Чапелін завяршыў спартыўную кар'еру. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Беларускай федэрацыі біятлона. Найбольш высокага выніку ў нацыянальнай камандзе спартсмен дамогся ў 2016 годзе, заняўшы трэцяе месца ў індывідуальнай гонцы на 20 км у шведскім Эстэрсундзе. Ён таксама прымаў удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы і Пхенчхане. Уладзімір Чапелін нарадзіўся 15 ліпеня 1988 года ў Магілёве. Займаўся біятлонам з 1998 года. Член зборнай каманды Беларусі па біятлону з 2010 года.
У жаночы манастыр Святых жонак-міраносіц Бабруйска сёння прыбудзе абраз прападобнага Гаўрыіла Самтаврыйскага. Сустрэча абраза пройдзе ў 13.00 на тэрыторыі манастыра. Прыкласціся да яе можна будзе ў манастырскім храме ў гонар іконы Божай Маці «Скорапаслушніца» да дзвюх гадзін дня 14 ліпеня. Уваход у храм – з 6.00 да 22.00. Да гэтага абраз святога знаходзіўся ў Сергіеўскім храме пасёлка Туголіца, куды быў дастаўлены 5 ліпеня з падворка Успенскага жаночага манастыра горада Кемерава (Расія).
Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса запрашае наведвальнікаў прыняць удзел у онлайн-акцыі «Смачнае чытанне». Для гэтага неабходна знайсці ў мастацкіх кнігах цытату, якая мае адносіны да ежы і напояў, прадуктаў або кулінарыі. Гэтыя цытаты да 31 жніўня можна прынесці ў бібліятэку ці запоўніць спецыяльную электронную форму. Самых актыўных удзельнікаў акцыі чакаюць прызы. Узнагароджанне адбудзецца ў бібліятэцы ў рамках святкавання Дня бібліятэк.
У Магілёве да канца 2019 года з'явіцца футбольны манеж. Ён размесціцца на тэрыторыі гарадской СДЮШАР №7. Зялёны газон і апорныя канструкцыі прывезлі на васьмі грузавіках. Акрамя гульнявога поля памерам 105 на 68 м, што адпавядае сусветным стандартам, у манежы будуць трыбуны на 500 месцаў і адміністрацыйна-бытавы корпус. Кошт праекта – Br4,2 млн. Ужо ў чацвер тут запрацуюць будаўнічыя брыгады. Да сярэдзіны жніўня пачнуць слаць газон. Плануецца, што ў снежні ў манежы згуляюць першы матч.
Даследаванні на магілёўскіх могілках праводзяць краязнаўцы і моладзь. Яны ствараюць адмысловы інтэрнэт-каталог старых пахаванняў. Гэтым летам даследнікі працуюць на Васкрасенскіх (Лютэранскіх) могілках. Хоць яны і знаходзяцца ў цэнтры Магілёва, але амаль ніхто з гараджан пра іх не ведае. Мэта ўдзельнікаў экспедыцыі – перапісаць і сфатаграфаваць пахаванні, якія датуюцца 19 – пачаткам 20 стагоддзя.
ЕС падтрымае 6 мясцовых ініцыятыў на 30 тыс. еўра ў Магілёўскай вобласці. Такі вынік кірмашу «Мясцовыя ініцыятывы для мікрарэгіёнаў развіцця», які прайшоў у Слаўгарадзе ў рамках праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцей занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці». Пра гэта паведаміў дырэктар Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый Сяргей Тарасюк.
Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка наведаў адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці – ЗАТ «Агракамбінат “Зара”». Там ён сустрэўся і пагутарыў з працоўным калектывам на чале з генеральным дырэктарам Кацярынай Зароўскай, а таксама са старшынёй Пашкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Віктарам Сцепаненкам.
Моладзь Магілёўшчыны запрашаюць узяць удзел у міжнародным паэтычным інтэрнэт-конкурсе «Не вырывай старонкі памяці», прысвечаным 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Памочнік Прэзідэнта Беларусі – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Іванавіч Русы 18 ліпеня з 10.00 будзе праводзіць прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Клічаўскім раённым выканаўчым камітэце.
Эксперыментальны трохпавярховы электрадом пабудуюць у Магілёве, паведамілі ў абласным УКБ. Ён з'явіцца на вуліцы Вароўскага. У доме будзе 24 кватэры. Асаблівасць жылля ў тым, што для яго абагравання выкарыстоўваюць электраэнергію. Замест звыклых радыятараў у пакоях установяць электраканвектары. Падагрэў вады ў новым доме будзе аўтаномным, таксама за кошт электраэнергіі. Эксперыментальны дом зможа абыходзіцца без газазабеспячэння. Кухні абсталююць электраплітамі. Дом пачнуць будаваць у гэтым годзе. У Магілёўскай вобласці праект рэалізуюць упершыню.
Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Аляксандравіч Вашчанка 11 ліпеня правядзе асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Шклове. Прыём будзе праходзіць з 10.00 да 11.00 у будынку раённага выканаўчага камітэта (вул. Ленінская, 76). Папярэдні запіс на прыём ажыццяўляецца па тэлефонах у Шклове: 8 (02239) 78-207, 78-188.
Сям'я героя Савецкага Саюза Канстанціна Лісіцына наведала Магілёўскую вобласць. Удава, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі Тамара Лісіцына і дачка Алена прыехалі з Масквы на беларускую зямлю, каб пабываць на месцах гераічнага подзвігу Канстанціна Сяргеевіча.
Мерапрыемствы, прысвечаныя прастольнаму святу храма ў гонар палажэння рызы Прасвятой Багародзіцы, адбудуцца 14 ліпеня ў аграгарадку Гарбацэвічы Бабруйскага раёна. Пра гэта паведамілі ў Бабруйскай епархіі. Праграмай запланаваны хрэсны ход ад Свята-Іверскага храма ў Кісялевічах да Гарбацэвічаў, які пачнецца ў 11.30. Удзельнікам працэсіі неабходна мець пры сабе галаўны ўбор, зручны абутак, лёгкі плашч або парасон, ваду.
Рэдакцыі бабруйскай раённай газеты «Трыбуна працы» і валагодскай раённай газеты «Маяк» (Расія) падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі рэдактары выданняў Вольга Грэк і Данііл Тураў. «Мы хацелі б насыціць пагадненне паміж рэдакцыямі канкрэтнымі справамі. Перш за ўсё, каб чытачы бачылі, чым жывуць нашы дзяржавы, якія праекты рэалізуюцца. Гэта галоўная мэта пагаднення», – адзначылі рэдактары.
Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст – 2019» пройдзе 2-4 жніўня ў Мсціславе, паведамілі ў райвыканкаме. Чакаецца, што ў гэтым годзе на мерапрыемства збяруцца гістарычныя клубы Беларусі, Расіі і Украіны. Гасцей чакаюць традыцыйныя рыцарскія турніры і забавы, спаборніцтвы лучнікаў, масавыя бітвы, конныя прадстаўленні і паказальныя выступленні, майстар-класы па сярэднявечных танцах, розныя вогненныя і светлавыя шоу, выступленні музычных этна- і фолк-груп.
У Магілёве выдадзены альманах «Прыдняпроўе: Магілёўшчына літаратурная», прысвечаны Году малой радзімы, паведаміў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (СПБ) Аляксандр Казека. У выданне ўвайшлі творы сучаснікаў, напісаныя ў 2017-2019 гадах, з ілюстрацыямі і анатацыямі. «Мы пастараліся ахапіць шырокае кола аўтараў і жанраў з запрашэннем рускіх літаратараў. Атрымалася сузор'е ўжо заваяваўшых сімпатыі імёнаў, крыху новых адкрыццяў, разнастайнасць тэм і далучанасць да тэматыкі малой радзімы», – адзначыў Аляксандр Казека.
Рэспубліканскае свята «Александрыя збірае сяброў» наведалі больш за 65 тыс. чалавек. Пра гэта паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Мерапрыемства, якое адбылося 6-7 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, прайшло без здарэнняў.
Помнік камандзіру 1210-га стралковага палка 362-й Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, гвардыі палкоўніку Пятру Арэф’евічу Юзэфовічу, які загінуў 28 чэрвеня 1944 года пры вызваленні Быхава, устанавілі ў райцэнтры.
У Бабруйску адбыўся фестываль ежы «Запрашаем смачна есцi», паведамляецца на сайце гарвыканкама. У дабрачыннай акцыі прынялі ўдзел восем прадпрыемстваў горада на Бярэзіне. У іх ліку «Бабруйскі мясакамбінат», УКХ «Бабруйскаграмаш», «Чырвоны харчавік», «Славянка», «Бабруйскі завод біятэхналогій», «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», «Белшына», «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў».
Прамую тэлефонную лінію правядзе 13 ліпеня намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Віктаравіч Пархамовіч. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») за 10 гадоў свайго існавання стала яркім сімвалам братэрскай дружбы народаў Беларусі, Расіі і Украіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 ліпеня на свяце ў Александрыі.
Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання наведаў паўнамоцны прадстаўнік кансалтынгавага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Донг Фанг Хонг Юан» (КНР, Пекін) Сюй Цзывэй. Кампанія, якую ён прадстаўляе, актыўна ўдзельнічае ў праекце развіцця праграмы навучання кітайскіх грамадзян за мяжой, паведамілі ў адміністрацыі ВНУ. Па выніках перамоў падпісана дамова аб супрацоўніцтве. Сюй Цзывэю перададзены рэкламныя матэрыялы і праспекты ўніверсітэта, а таксама выдадзены сертыфікат афіцыйнага партнёра МДУХ па наборы, накіраванні і навучанні грамадзян з Кітая.
Магілёўскі плывец Рыгор Пякарскі стаў уладальнікам бронзавага медаля на дыстанцыі 50 м батэрфляем на Сусветнай летняй універсіядзе ў Неапалі (Італія). Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі. Студэнт МДУ імя А.А. Куляшова пераадолеў адлегласць за 23,47 сек. У фінале Рыгор Пякарскі ўстанавіў асабісты рэкорд, саступіўшы толькі срэбнаму прызёру універсіяды Юю Танаку з Японіі – 23,35 сек. і залатому медалісту з Аўстрыі Янгу Вільму – 23,32 сек.