Архіў навін

Студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова занялі другое месца на Рэспубліканскай універсіядзе па лёгкай атлетыцы. У спаборніцтвах, якія праходзілі ў спартыўным комплексе «Алімпіец», узялі ўдзел каманды з 26 беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. Прадстаўнікі нашай ВНУ саступілі ў камандным заліку толькі спартсменам з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Бронза дасталася Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы.
У Магілёўскай вобласці дастаткова высокі ўзровень бяспекі. Пра гэта заявіў сёння журналістам перад калегіяй УУС Магілёўскага аблвыканкама міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Восенню мінулага года ў Магілёўскім раёне прыступілі да рэканструкцыі аўтадарогі Р122 Магілёў–Чэрыкаў–Касцюковічы. Цяпер на аб’екце вядуцца земляныя і падрыхтоўчыя працы, замена водапрапускных труб.
Выстава да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана адкрыецца 30 студзеня ў 15.00 у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава (пл. Славы, 1). Пра гэта паведамілі ва ўстанове культуры.
У Магілёўскай вобласці з 2002 па 2018 год дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку выратаваны 267 чалавек, у тым ліку 70 дзяцей. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю рэгіянальнага ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых. У 2019-м у Прыдняпроўскім краі гэты прыбор ужо двойчы папярэдзіў магчымую бяду. Сваё званне «хатняга выратавальніка» ўвечары 28 студзеня спаўна апраўдаў АПА ў вёсцы Вышкава Шклоўскага раёна.
У абласным цэнтры на базе Трохсвяціцельскага сабора пачынае працу новы сумесны праект Магілёўскай епархіі і рэгіянальнага цэнтра паліятыўнай дапамогі, размешчанага на базе УАЗ «Магілёўскі спецыялізаваны Дом дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы з парушэннем псіхікі». Далучыцца да добрай справы могуць усе жадаючыя, паведамляецца на сайце Магілёўскай епархіі.
III Епархіяльная Алімпіяда праваслаўных ведаў «Евангельскія прыпавесці ў маім жыцці» пройдзе ў Бабруйску 3-16 лютага. Пра гэта паведамляецца на сайце Бабруйскай епархіі. Традыцыйна спаборніцтва збярэ навучэнцаў парафіяльных нядзельных школ і дзяцей, якія наведваюць факультатыўныя заняткі рэлігіязнаўчай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Удзельнікі прадэманструюць не толькі пачатковыя рэлігійныя веды, але і праявяць эрудыцыю, творчасць.
У 2018 годзе ў Магілёўскай вобласці арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі 4124 новых кватэры. Уведзена ў эксплуатацыю 318,8 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля. Пра гэта паведамілі ў галоўным статыстычным упраўленні рэгіёна. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана 153,9 тыс. кв. м, або 48,3% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля. У тым ліку з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі – 93,6 тыс. кв. м, у шматкватэрных жылых дамах у гарадах – 135,1 тыс. кв. м.
Пракуратура Магілёўскай вобласці выявіла шматлікія парушэнні пры праверцы недабудаваных аб’ектаў у рэгіёне. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк. Пракуратура сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці ў верасні-снежні 2018 года правяла планавую праверку выканання ўказа «Аб некаторых мерах па скарачэнні не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач». Дэталёва вывучана сітуацыя ў Магілёве і Бабруйску, а таксама ў шасці раёнах вобласці.
Пракуратура прапануе арганізаваць у Паўднёвай прамысловай зоне СЭЗ «Магілёў» пастаянны экалагічны маніторынг атмасфернага паветра, паведаміў на прэс-канферэнцыі пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк.