Архіў навін

Фінальныя спаборніцтвы ХІІІ зімовай абласной спартакіяды работнікаў ЖКГ стартуюць у Магілёве 25 студзеня. Мерапрыемства збярэ без малога 30 каманд камунальных прадпрыемстваў рэгіёна, адзначыў намеснік старшыні абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Павел Жуйкоў.
Пачаўся прыём заявак на ўдзел у конкурснай праграме XVIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Плануецца, што мерапрыемства пройдзе ў Клімавічах 23-26 мая. Пра гэта паведамляецца на сайце Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы.
Рэспубліканская акцыя «Бяспека – у кожны дом!» пройдзе ў рэгіёне з 21 студзеня па 28 лютага. Пра гэта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых. «У 2018 годзе ў рэгіёне зарэгістравана 733 пажары, якія забралі жыцці 77 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей, – адзначыла суразмоўца. Прычыны надзвычайных сітуацый банальныя: неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства».
Прамую тэлефонную лінію правядзе 26 студзеня старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Іванавіч Харытончык. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Гарадская спартландыя «Школьны кубак» для сябраў ГА «БРСМ» адбудзецца ў Магілёве 23 студзеня. Спаборніцтвы пройдуць з 10.00 да 14.00 на базе спартыўнага комплексу Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання (пр-т Шміта, 5в). Штогадовыя спаборніцтвы збяруць навучэнцаў 9-11 класаў школ абласнога цэнтра. Удзельнікі творча прадставяць свае каманды. Іх чакаюць пікеты са спартыўнымі выпрабаваннямі, стральба ў ціры. Падчас спартландыі запланавана экскурсія па ўніверсітэце, канцэртныя нумары студэнцкай моладзі.
Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў па 30 студзеня прымае заяўкі ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва на ўдзел у конкурсе інвестыцыйных праектаў для атрымання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства эканомікі. У конкурсе могуць прыняць удзел суб’екты малога прадпрымальніцтва, якія зарэгістраваны, ажыццяўляюць дзейнасць у Беларусі, а таксама маюць права на атрыманне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ў адпаведнасці з указам №255 «Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня падпісаў указ №27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У гаспадарчае вядзенне рэспубліканскага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская цэментная кампанія»» да 1 сакавіка будуць перададзены акцыі ААТ «Беларускі цэментны завод» і «Крычаўцэментнашыфер», якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 17 студзеня 2019 года нумар 31, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Акцыі гэтых прадпрыемстваў будуць перададзены ў валоданне беларускай цэментнай кампаніі бязвыплатна.