Архіў навін

Магілёўская вобласць разам з усёй краінай 12 мая адзначыць Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ва ўсіх раёнах рэгіёна пройдуць цырымоніі ўзняцця аднаго з галоўных дзяржаўных сімвалаў нашай краіны – чырвона-зялёнага сцяга. Акрамя таго, напярэдадні свята ва ўстановах адукацыі Прыдняпроўскага краю адбыліся тэматычныя лекцыі, у бібліятэках працавалі спецыяльныя выставы. Дзень Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь адзначаецца штогод у другую нядзелю мая. Гэта свята ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе.
У Магілёве ўзнагародзілі работнікаў друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі рэгіёна. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, адбылося сёння ў Палацы культуры вобласці.
XII спартакіяда кіруючага складу органаў унутраных спраў Магілёўскай вобласці, прысвечаная 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пройдзе 18 мая ў Касцюковічах. Пра гэта паведамілі ў групе інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама. У спаборніцтвах прыме ўдзел 16 каманд, якія складаюцца з прадстаўнікоў кіруючага складу УУС і нададзеных падраздзяленняў, а таксама абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС і тэрытарыяльных АУС вобласці.
Летняя аздараўленчая кампанія стартуе ў Магілёўскай вобласці з 1 чэрвеня. Гэтым летам плануецца аздаравіць 43,2 тыс. дзяцей, паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама. Большасць дзяцей (25,7 тыс.) будзе адпачываць і аздараўляцца ў лагерах з дзённым знаходжаннем, 17,5 тыс. – з кругласутачным. У летні перыяд будзе працаваць 16 стацыянарных кругласутачных лагераў і 3 лагеры на базе санаторна-курортных арганізацый. На іх падрыхтоўку з рэспубліканскага бюджэту выдзелена Вг 58,6 тыс., з абласнога – Вг 192,1 тыс.
Рэстаўрацыя знойдзенага ў Бабруйску шлема канца IX – пачатку XI стагоддзя зойме каля года. Такая інфармацыя прагучала ў эфіры тэлеканала АНТ. Зараз артэфакт знаходзіцца пад пільным наглядам супрацоўнікаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пакуль шлем чысціцца ад соляў у дыстыляванай вадзе. На гэта спатрэбіцца месяц. Затым правядуць механічную расчыстку. Калі рэстаўрацыя завершыцца, знаходка вернецца ў горад на Бярэзіне і папоўніць фонды Бабруйскага краязнаўчага музея. Паводле версіі некаторых гісторыкаў, шлем мог належаць полацкаму князю Ізяславу.
Міністэрства адукацыі пастановай №42 ад 29 красавіка 2019 года зацвердзіла пералік з 13 міжнародных алімпіяд, пераможцы якіх будуць прымацца ў беларускія ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі без уступных выпрабаванняў у 2019 годзе. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.