Архіў навін

Адкрыты чэмпіянат Узброеных Сіл па парашутным спорце праходзіць у Бабруйску, паведамляецца на сайце Міністэрства абароны. У чэмпіянаце, які працягнецца да 25 мая на базе 83-га інжынернага аэрадромнага палка Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, удзельнічае 16 мужчынскіх і 6 жаночых каманд, якія прадстаўляюць Узброеныя Сілы і аэраклубы ДТСААФ Беларусі, а таксама адна мужчынская і адна жаночая каманды ад УС Расіі. Праграма ўключае практыкаванні па класічным парашутызме (скачкі з парашутам на дакладнасць прызямлення і індывідуальныя акрабатычныя скачкі).
Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Магілёўскай мытні створаныя аператыўна-інфармацыйныя групы для інфармавання грамадзян і юрыдычных асоб. З 7 чэрвеня па 7 ліпеня інфармацыю аб парадку перамяшчэння тавараў і транспартных сродкаў праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза можна даведацца па нумарах тэлефонаў: – аператыўна-інфармацыйная група Магілёўскай мытні: 8 (0222) 29 90 09 (кругласутачна). – аператыўна-інфармацыйны цэнтр мытных органаў Рэспублікі Беларусь: 8 (017) 218 94 26 (кругласутачна).
Вялікі гарадскі пікнік правядуць ў Магілёве 29 чэрвеня. Мерапрыемства адбудзецца ў межах святкавання Дня горада, паведамілі ў цэнтры гарадскіх ініцыятыў. Месцам правядзення пятага пікніка стане парк у Падніколлі. Тут з 12.00 да 19.00 адпачываючым прапануюць весела, культурна правесці час на прыродзе з сям’ёй і сябрамі. Па словах суразмоўцаў, у гэтым годзе наведвальнікаў чакае яшчэ больш цікавых пляцовак, тэматычных зон і зручны фудкорт. Пікнік па-ранейшаму застаецца бясплатным для наведвання і зонай, свабоднай ад алкаголю і тытуню.
Бясплатны семінар па актуальных пытаннях самазанятасці і прадпрымальніцкай дзейнасці для грамадзян працаздольнага ўзросту, не занятых у эканоміцы, арганізуюць 28 мая ў Магілёве. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім гарадскім цэнтры развіцця малога прадпрымальніцтва, які выступае арганізатарам мерапрыемства. Зацікаўленых чакаюць у 10.00 у канферэнц-зале УКП «Магілёўскі ГЦРМП» (вул. Ленінская, 21, 3 паверх). Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: (80222) 23 09 21, 23 08 63.
Сход абласнога бацькоўскага актыву «За бяспечнае лета!» адбудзецца сёння ў Магілёве на базе гімназіі №3. У мерапрыемстве, якое традыцыйна пройдзе ў форме палілога, прымуць удзел прадстаўнікі ўпраўленняў і камітэтаў аблвыканкама, УУС, МНС, АСВОДа, пракуратуры, бацькоўскай грамадскасці рэгіёна, псіхолагі і настаўнікі.
Завяршыўся першы дзень працы экспедыцыі пошукавага клуба «Віккру» і 52-га АСПБ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Слаўгарадскім раёне. Палявыя пошукавыя работы праводзіліся на месцах баёў у ліпені 1941 года частак і злучэнняў 20-га, 28-га стралковых і 25-га механізаванага карпусоў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Гіжэнскага і Васькавіцкага сельскіх саветаў.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі разам з Міністэрствам адукацыі плануе выпусціць унікальнае для нашай краіны выданне – друкаваны летапіс студатрадаўскага руху ад пачатку яго зараджэння і да нашага часу. Гэтая вялікая і займальная гісторыя пачынаецца яшчэ ў далёкім 1963 годзе... У кнігу ўвойдуць матэрыялы, якія ўдасца сабраць падчас маштабнай акцыі «Біяграфія маладосці нашай». Пра яе старт абвясцілі яшчэ ў красавіку гэтага года, цяпер актыўна ідзе збор інфармацыі.
Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў прыбудзе ў нашу вобласць 30 мая. Да 4 чэрвеня «Полымя міру» пабывае ў Магілёве, Бабруйску, Горках, Шклове, Быхаўскім і Слаўгарадскім раёнах. Тэлеканал «Беларусь 4 “Магілёў”» пакажа ў запісе сустрэчу агню ў абласным цэнтры і канцэрт з плошчы Славы. Эфіры: 1 чэрвеня – 21.00, 2 чэрвеня – 10.40.
У Шклоўскім раёне мясцовы жыхар устанавіў памятны знак «У памяць пра зніклых без вестак жыхароў вёскі Загор’е». Уладзімір Лабузноў такім чынам увекавечыў памяць землякоў, якія не вярнуліся з вайны. У гады Другой сусветнай вайны загінула 8 жыхароў Загор’я. Дзед Уладзіміра і яшчэ 8 аднавяскоўцаў прапалі без вестак. У памяць пра іх уласнымі сіламі мужчына ўстанавіў Камень Памяці. Разам з ім з’явілася і алея з 9 дубоў. Усяго на тэрыторыі Шклоўскага раёна знаходзіцца 55 воінскіх пахаванняў і 25 памятных знакаў. Пахавана амаль 2,5 тыс. чалавек, але вядомыя імёны толькі 605.
У Беларусі распрацаваны праекты ўказа Прэзідэнта і пастановы Савета Міністраў, якія прадугледжваюць ўкараненне энергаэфектыўных мерапрыемстваў у шматкватэрным жыллі. Пілотныя праекты плануецца рэалізаваць у Магілёўскай і Гродзенскай абласцях, паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі – дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіл Малашанка на адкрыцці Міжнароднага навучальнага семінара па рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года.