Архіў навін

ЦВК прапануе правесці выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 17 лістапада, членаў Савета Рэспублікі - 7 лістапада. Аб гэтым сёння журналістам паведаміла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Старшыня ЦВК праінфармавала, што на маючай адбыцца сустрэчы з кіраўніком дзяржавы «будзем прапаноўваць 17 лістапада, а для выбараў членаў Савета Рэспублікі - 7 лістапада». Пасля таго як Прэзідэнт вызначыць дату парламенцкіх выбараў, пачнецца падрыхтоўка адпаведных указаў. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, іх трэба рыхтаваць ужо ў ліпені.
Рэспубліканскі злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў руху адбудзецца ў Бабруйску 28 мая – 1 чэрвеня. Пра гэта паведамілі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. У традыцыйным спаборніцтве, якое пройдзе ў 47-ы раз, возьмуць удзел каманды-пераможцы аналагічных рэгіянальных спаборніцтваў з шасці абласцей рэспублікі і горада Мінска, а таксама атрады ЮІР з Расіі, Казахстана і Азербайджана.
У Клімавіцкім раёне на вадаёмах патанула трое дзяцей. Клімавіцкі аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па названых фактах.
Магілёўская футбольная каманда «Днепр Stars», у склад якой уваходзяць артысты, работнікі рэгіянальнага тэлебачання, фатографы і прадстаўнікі іншых творчых прафесій, правядзе юбілейны матч 31 мая на стадыёне «Спартак». Супернікам арт-суполкі стане юнацкая зборная каманда навучэнцаў устаноў адукацыі горада на Дняпры. Гульню прымяркуюць да Дня абароны дзяцей.
Абласныя спаборніцтвы па футболе сярод дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч» пройдуць з 29 мая па 2 чэрвеня ў Магілёве і Магілёўскім раёне. Пра гэта паведамілі ў абласным вучэбна-метадычным цэнтры фізічнага выхавання насельніцтва. У Магілёве на стадыёне ДЮСШ «Юнацтва» (пр-т Міру, 4) і ў аграгарадку Вейна адбудзецца шэраг вырашальных матчаў. Пераможцы занальных этапаў спаборніцтваў будуць змагацца за магчымасць прадставіць рэгіён на рэспубліканскім фінале.
Х Міжнародны музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка» пройдзе 26-28 ліпеня ў пасёлку Грудзічына Быхаўскага раёна на беразе Чыгірынскага вадасховішча. Аб гэтым паведамілі ў аргкамітэце мерапрыемства. На творчых пляцоўках свята выступяць музыканты з Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Літвы, Эстоніі і ўпершыню з Іспаніі.
Выстава «Крок да нажніц» адкрыецца сёння ў Магілёве. Экспазіцыя, якую сабраў Дзмітрый Сурскі, размесціцца ў музеі этнаграфіі, паведамілі ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава. «Хто больш за ўсё ведае пра нажніцы? Чалавек, які іх праектаваў, – адзначылі суразмоўцы. – Дзмітрый Сурскі распрацаваў 12 прамысловых узораў нажніц падчас працы ў беларускім філіяле Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі. І сабраў калекцыю больш за 300 нажніц».
Глуск прыме абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі» сёлета. Арганізатары мерапрыемства прыступілі да распрацоўкі праграмы свята, паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Традыцыя праводзіць абласныя «Дажынкі» ў розных раёнах Магілёўшчыны зарадзілася ў 2014 годзе: Тады найлепшых хлебаробаў рэгіёна ўшаноўвалі ў аграгарадку Мышкавічы Кіраўскага раёна. На наступны год пляцоўкай для правядзення фестывалю-кірмашу быў абраны гарадскі пасёлак Круглае. Сталіцамі правядзення форуму таксама станавіліся Мсціслаў і Клічаў.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 1 чэрвеня кіраўнік спраў Магілёўскага аблвыканкама Рыгор Аляксандравіч Варонін. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Амаль 15 тыс. валанцёраў БРСМ будуць працаваць на II Еўрапейскіх гульнях, расказаў першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк у эфіры тэлеканала СТБ.
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы сустрэўся з будучымі кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый і кадравым рэзервам Магілёўскага аблвыканкама. Мерапрыемства адбылося ў межах выязнога семінара.