Архіў навін

VI Міжнародная спартакіяда сярод ветэранаў і кіраўнікоў ветэранскіх арганізацый фізічнай культуры і спорту, прысвечаная 100-годдзю з дня ўтварэння БССР, адбудзецца ў Магілёве 29-30 мая. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.
У мэтах папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і ў сувязі са сканчэннем навучальнага года традыцыйна з 25 мая па 5 чэрвеня МУС праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!», паведамілі ў ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Кіроўцам у гэты перыяд неабходна рухацца ў светлы час сутак з уключаным на транспартным сродку блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі. За невыкананне гэтага патрабавання правілаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 2-х базавых велічынь.
Да 4 жніўня можна даслаць работы на трэці конкурс Магілёўскага фестывалю аматарскіх кароткаметражных фільмаў «Словы». Пра гэта паведамілі ў Цэнтры гарадскіх ініцыятыў. Для ўдзелу ў творчым спаборніцтве трэба стварыць з дапамогай любой наяўнай тэхнікі кароткае відэа (да пяці хвілін), загрузіць яго на Youtube, даслаць спасылку і кароткую інфармацыю пра фільм і сябе на адрас cgimogilev@gmail.com.
Удзельнікі міжкантынентальнага веламарафона «Beibitshilik jane birlik. Peace and unity», прысвечанага Дню адзінства народа Казахстана і Году моладзі, 27 мая наведаюць Бабруйск. Для гасцей арганізуюць экскурсію па горадзе. Велапрабег стартаваў у Лондане 30 красавіка. У планах у шасцярых яго ўдзельнікаў – пераадолець 5 830 км, перасячы тэрыторыі сямі краін і больш за 50 гарадоў. У іх ліку Брэст, Бяроза, Мір, Мінск, Бабруйск, Гомель. Са славутасцямі беларускіх гарадоў казахі азнаёмяцца 23-29 мая.
Агляд строю і песні, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбудзецца 27 мая ў ліцэі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Свае ўменні і навыкі ў конкурсе прадэманструюць старшакласнікі Магілёва. Журы, у склад якога ўвойдуць ветэраны афганскай вайны, выкладчыкі фізкультуры, прадстаўнікі спецназа, будуць ацэньваць выступленні ўдзельнікаў па некалькіх крытэрыях. У ліку асноўных – знешні выгляд, дысцыпліна і рух строю, раўненне, выкананне каманд, выразнасць рапарту, дыстанцыі, інтэрвалы і інш. Пачатак мерапрыемства – у 14.30.
Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у конкурсе на самую лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку.
У Беларусі зацверджаны новы пералік лекавых сродкаў, рэалізуемых без рэцэпта ўрача. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым партале. Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 10 красавіка 2019 года нумар 27 без рэцэпта рэалізуюцца гомеапатычныя лекавыя сродкі, за выключэннем лекавых форм, прызначаных для ін'екцый. Дакумент ад 5 чэрвеня 2012 года нумар 55 «Аб устанаўленні пераліку лекавых сродкаў, рэалізуемых без рэцэпта ўрача» прызнаны страціўшым сілу. Пастанова ўступае ў сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.
Савет Міністраў Беларусі пастановай нумар 314 ад 21 мая 2019 года зацвердзіў комплекс мер па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы нумар 6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны», паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Парковачныя месцы для інвалідаў арганізуюць каля ўсіх спартыўных аб’ектаў II Еўрапейскіх гульняў у Мінску на адлегласці не больш за 350 м ад уваходаў. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч.
Выдавецкі цэнтр «Марка» РУП «Белпошта» пры садзейнічанні дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў выпусціў разнапланавую паштовую прадукцыю, паведамілі ў прэс-службе «Белпошты».