Архіў навін

Моладзевая акцыя «Адзін дзень з АСВОДам» пройдзе ў Магілёве 2 жніўня. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Паводле слоў арганізатараў, у мерапрыемстве прыме ўдзел актыў БРСМ з усёй Магілёўскай вобласці, а таксама ўдзельнікі маладзёжных атрадаў аховы правапарадку.
Аграрыямі Магілёўскай вобласці па стану на 31 ліпеня ўбрана 161 146 га, намалочана 417 143 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 25,9 ц/га збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы, грэчкі і проса). Пра гэта паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Азімы рапс убраны на плошчы 46 377 га, або 98 працэнтаў да плана, намалочана 87 888 тон пры сярэдняй ураджайнасці 19 ц/га. Паралельна з уборкай ідзе церабленне лёну. Па вобласці выцераблена 4487 га, або 61% да плана. Перад аграрыямі Магілёўшчыны стаіць задача да 6 жніўня завяршыць гэту работу.
Традыцыйная дабрачынная акцыя «У школу з добрым сэрцам» стартуе ў Беларусі 1 жніўня, паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Крысціна Сарока.
Ураджэнец Краснаполля Яўген Залатой выйшаў у паўфінал спаборніцтваў па акадэмічным веславанні. Паўфінальныя заезды на алімпійскім водным стадыёне запланаваны 1 жніўня. Трэнеры і выхаванцы Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, дзе ў свой час займаўся Яўген Залатой, сочаць за кожным поспехам знакамітага спартсмена.
Увечары 30 ліпеня ў вёсцы Ліпаўка Касцюковіцкага раёна адбыўся пажар на тэрыторыі прыватнага жылога дома. Жанчына, якая знаходзілася дома з двума ўнукамі, была вымушана выклікаць ратавальнікаў, калі заўважыла дым і агонь. Падраздзяленні МНС, якія прыбылі на месца, выявілі, што агонь ахапіў дах і ўнутраную прастору хлява. Ратавальнікі ліквідавалі пажар, аднак агонь знішчыў дах і маёмасць унутры пабудовы, а таксама з-за цеплавога ўздзеяння пацярпеў суседскі аўтамабіль «Газэль».
Прэзідэнт паставіў дакладныя тэрміны па ўстараненні наступстваў урагану. У прыватнасці, спецыялісты лясной гаспадаркі да 1 лістапада павінны завяршыць суцэльныя санітарныя рубкі, а да канца года ўбраць адзінкавыя паваленыя дрэвы і захламленасць. На дзялянках Магілёўскай вобласці, адной з найбольш пацярпелых ад разгулу стыхіі, зараз працуюць больш за 350 чалавек, у тым ліку брыгады з Мінскай вобласці - на дапамогу прыйшлі Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Бярэзінскі лясгасы.
Трэцяя партыя збожжаўборачных камбайнаў перакінута 30 ліпеня з паўднёвых у паўночныя раёны Магілёўскай вобласці. Гэта неабходна для паскарэння тэмпаў уборкі і зніжэння страт збожжа, расказаў карэспандэнту старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Анатоль Ланкуць.
У Магілёўскай вобласці больш за 22 тысячы дзяцей школьнага ўзросту са шматдзетных сем'яў. Для збору ў школу дзяржава дае ім аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Выплаты пачынаюцца з 1 жніўня, і складаюць на адно дзіця 30% пражытачнага мінімуму. У камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама паведамілі: для аказання дапамогі школьнікам са шматдзетных сем'яў у Магілёўскай вобласці патрачана больш за тры мільёны рублёў. І да 15 жніўня грошы паступяць на іх базавыя рахункі.