RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Этнафестываль «У госці да радзімічаў»

Упершыню этнафестываль «У госці да радзімічаў» прайшоў у 2014 годзе на тэрыторыі аграгарадка Радомля Чавускага раёна.

Свята было арганізавана па праекце «Радомля: актыўнасць для адраджэння», які фінансаваў Еўрапейскі саюз і Інстытут міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (DVV International) (са сродкаў Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця) і накіраваны на ўцягванне мясцовых жыхароў у развіццё прыроднага, культурнага і гістарычнага патэнцыялу тэрыторыі з дапамогай арганізацыі мясцовага свята і стварэння турыстычнага маршруту. Падчас падрыхтоўкі праекта былі задзейнічаны эксперты ў галіне археалогіі і гістарычных навук.

Падчас свята праходзіць вялікі стылізаваны кірмаш, дзе прадаюцца вырабы майстроў і рамеснікаў, праходзяць майстар-класы па ганчарстве, ткацтве, кавальстве. Адным з галоўных складнікаў кірмашу з’яўляецца кулінарнае свята, у якім актыўна ўдзельнічаюць жыхары аграгарадка «Радомля», прадстаўляючы стравы мясцовай традыцыйнай кухні.

Цэнтральнай падзеяй свята з’яўляецца тэатралізаваная праграма з прэзентацыяй побыту радзімічаў ІХ стагоддзя, песнямі, карагодамі, здабычай жывога агню і адроджаным абрадам «Турыцы». У свяце прымаюць удзел этнаграфічныя калектывы раённых цэнтралізаваных клубных сістэм, дэманструючы мясцовы рэгіянальны фальклор і майстар-класы па бытавых танцах з прыцягненнем гледачоў.