RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старонкі гісторыі Магілёўскай вобласці

 

Станаўленне Магілёўскай вобласці

15 студзеня 1938 г. рашэннем 1-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР была ўтворана Магілёўская вобласць, якая ўключала ў сябе 21 раён: Бялыніцкі, Бярэзінскі, Бабруйскі, Быхаўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Кіраўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Круглянскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Асіповіцкі, Прапойскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі і Шклоўскі.

У 1944 г. на частцы яе тэрыторыі была створана Бабруйская вобласць. Да яе адышлі Бабруйскі, Кіраўскі, Клічаўскі і Асіповіцкі раёны. Бярэзінскі раён увайшоў у склад Мінскай вобласці.

У выніку адміністрацыйнай рэформы 60-х гадоў была ліквідавана Бабруйская вобласць, а ў склад Магілёўскай быў уключаны Глускі раён. Апошнім змяненнем знешніх межаў Магілёўшчыны стала далучэнне ў 1964 годзе 7 вёсак Смаленскай вобласці да Мсціслаўскага раёна.

Ёсць у перадваеннай біяграфіі абласнога цэнтра цікавы факт. У кастрычніку 1937 г. у ЦК КПБ было прынята пастанова аб пераносе сталіцы з Мінска, які знаходзіўся за 30 км ад дзяржаўнай мяжы, у Магілёў. Таму ў горадзе пачынаецца будаўніцтва адміністрацыйных, культурных, сацыяльна-бытавых аб’ектаў, якія і сёння ўпрыгожваюць вуліцы: гэта Дом Саветаў, кінатэатр «Радзіма», былая гасцініца «Днепр», будынак НКУС (цяпер галоўны корпус БРУ) і інш.

Аднак грандыёзны праект не ажыццявілі, паколькі ў верасні 1939 г. заходнія беларускія землі былі далучаны да БССР і мяжа апынулася далёка ад Мінска. Неабходнасць у пераносе сталіцы адпала.

1 студзеня 1939 г. БССР адзначыла 20-ю гадавіну са дня ўтварэння. У гэты перыяд колькасць насельніцтва Магілёўскай вобласці складала каля паўтара мільёна чалавек. Былі пабудаваны буйныя прадпрыемствы: фабрыка штучнага шоўку, аўтарамзавод імя С. М. Кірава, дрэваапрацоўчы завод у Бабруйску, цэментавы завод у Крычаве, папяровая фабрыка «Спартак» у Шклове, шклозаводы ў Асіповіцкім і Быхаўскім раёнах.

У выніку правядзення калектывізацыі ў Магілёўскай вобласці ў калгасы было аб’яднана больш за 90% сялянскіх гаспадарак.

Значна павысіўся адукацыйны ўзровень насельніцтва. Былі адкрыты 3 інстытуты: Горацкі сельскагаспадарчы, а таксама Магілёўскія настаўніцкі і педагагічны; 24 тэхнікумы і 6 рабфакаў. У вобласці функцыянавала 133 сярэднія школы, 390 школ няпоўнай сярэдняй адукацыі, 1354 пачатковыя школы, дзе навучаліся 176 тысяч вучняў.

Развівалася сістэма аховы здароўя: адкрыта 58 бальніц і 38 амбулаторый.

Культурны вольны час жыхароў вобласці забяспечвала 4 тэатры, 226 кінатэатраў і кінаперасовак, 20 Дамоў культуры і 367 клубаў.

 

Цяжкія гады вайны

Часовай сталіцай Беларусі Магілёву давялося стаць летам 1941 г., калі ЦК КПБ і ўрад БССР былі эвакуяваны і з 25 чэрвеня па 3 ліпеня знаходзіліся ў нашым абласным цэнтры. 1 ліпеня 1941 г. недалёка ад горада прайшла нарада прадстаўнікоў Стаўкі Галоўнага Камандавання з удзелам маршалаў Савецкага Саюза Варашылава і Шапашнікава. Быў зацверджаны план абароны Магілёва як найбольш важнага апорнага пункта на Дняпроўскім рубяжы.

У ходзе 23-дзённых абарончых баёў летам 1941 г. – а гэта адна з самых гераічных старонак у гісторыі Беларусі – былі сканцэнтраваны значныя сілы нямецкай групы армій «Цэнтр», якая наступала на Смаленск і Маскву. Горад абараняла 172-я стралковая дывізія генерал-маёра Раманава. Асабліва крывавыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі, якія пасля былі апісаны іх удзельнікам Канстанцінам Сіманавым у трылогіі «Жывыя і мёртвыя».

У сярэдзіне жніўня Магілёўская вобласць аказалася пад акупацыяй. Жорсткасць фашысцкага рэжыму не зламала волі беларусаў. У лясах пачалі стварацца партызанскія атрады, затым узніклі партызанскія зоны, дзе была адноўлена савецкая ўлада. Найбольш вядомая Клічаўская партызанская зона, якая налічвала больш за 18 тысяч партызан.

У самім Магілёве дзейнічала падпольная арганізацыя «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі», у якую да вясны 1943 г. уваходзіла больш за 300 чалавек. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, праводзілі дыверсіі, збіралі зброю і разведдадзеныя для партызан. Магіляўчанам добра вядомыя імёны і подзвігі юных герояў Тані Карпінскай і Лёні Лорчанкі.

Вызваленне вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося восенню 1943 г. у перыяд Смаленскай аперацыі, а завяршылася ў ходзе бліскуча праведзенай аперацыі «Баграціён» 29 чэрвеня 1944 года. Магілёў быў вызвалены 28 чэрвеня за адзін дзень. За гераізм і мужнасць, праяўленыя пры гэтым, 28 савецкіх воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, 21 вайсковай часці і злучэнню прысвоена ганаровая назва «Магілёўскіх». У гэты ж дзень Масква салютавала 20 артылерыйскімі залпамі ў гонар войскаў, якія вызвалілі Магілёў, Шклоў і Быхаў.

 

Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі

За час вайны Магілёўская вобласць панесла найцяжэйшыя страты. Загінуў кожны трэці яе жыхар. У гарадах засталося 18% да даваеннай колькасці насельніцтва. Напрыклад, у Магілёве на момант вызвалення пражывала 10 тысяч чалавек (а да вайны налічвалася звыш 100 тысяч). Было разбурана каля 1200 прадпрыемстваў, скараціліся больш чым напалову пасяўныя плошчы.

Аднаўленне народнай гаспадаркі патрабавала ад жыхароў Прыдняпроўскага краю велізарных сіл. Значная дапамога была аказана з саюзнага бюджэту, а таксама іншымі саюзнымі рэспублікамі – спецыялістамі, тэхнікай і абсталяваннем, прадуктамі харчавання, збожжам і жывёлай. За гады чацвёртай пяцігодкі (1946-1950 гг.) народная гаспадарка па асноўных паказчыках была адноўлена.

У 50-80-я гады значна вырас прамысловы патэнцыял вобласці. У Магілёве і Бабруйску быў пабудаваны шэраг буйных прадпрыемстваў: «Электрарухавік», «Тэхнапрыбор», «Зеніт», «Ліфтмаш» і інш.

У 60-70-я гады Магілёўшчына стала вобласцю вялікай хіміі. Пачалі выпускаць прадукцыю найбуйнейшыя ў Еўропе магілёўскія камбінаты «Хімвалакно» і «Бабруйскшына». У пачатку 80-х хімічная прамысловасць апярэдзіла машынабудаванне і выйшла на першае месца ў вобласці па аб’ёме вытворчасці.

У райцэнтрах развівалася харчовая, будаўнічая і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Найбуйнейшым цэнтрам дрэваапрацоўкі ў рэспубліцы стаў Бабруйск; Крычаў і Касцюковічы – вядучымі цэнтрамі цэментнай вытворчасці, а прадукцыя магілёўскага і бабруйскага швейных прадпрыемстваў была шырока вядомая ў многіх краінах свету.

У калгасах пабудаваны жывёлагадоўчыя комплексы, праведзена меліярацыя зямель, павялічылася колькасць машынна-трактарнага парка. Кадры для вёскі рыхтавала Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. Спецыялістаў для іншых галін народнай гаспадаркі рыхтавалі машынабудаўнічы (1961 г.) і тэхналагічны (1973 г.) інстытуты, а таксама найстарэйшы ў рэспубліцы педінстытут імя А. А. Куляшова.

Нацыянальнай трагедыяй для беларускага народа стала аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе. На Магілёўшчыне ад радыяцыі пацярпелі Быхаўскі, Касцюковіцкі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Чавускі раёны.

 

Магілёўшчына сучасная

У 1991 годзе адкрылася новая старонка ў гісторыі Магілёўскай вобласці як часткі суверэннай Рэспублікі Беларусь. Сучасная Магілёўшчына валодае значным шматгаліновым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам. На долю Прыдняпроўскага краю прыпадае прыкладна дзясятая частка аб’ёмаў прамысловай і каля 15% сельскагаспадарчай вытворчасці краіны.

У структуры прамысловасці вядучыя пазіцыі займаюць хімічная галіна, машынабудаванне, лёгкая і харчовая прамысловасць. За апошнія гады ў рэгіёне створаны шэраг новых прадпрыемстваў, найбольш значныя з якіх УП «Тэхналіт», Магілёўскі завод палімерных труб, ЗЗАТ «Бровары Хайнэкен».

Паспяхова развіваецца аграрны сектар эканомікі. На працягу апошніх гадоў у вобласці намалочваецца больш за мільён тон збожжа. У сувязі з прыняццем Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на Магілёўшчыне было добраўпарадкавана каля 200 аграгарадкоў.

У 2002 г. створана свабодная эканамічная зона «Магілёў», дзе зарэгістраваны дзясяткі сучасных прадпрыемстваў з Германіі, ЗША, Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і іншых краін.

Магілёўская вобласць – найбуйнейшы культурны рэгіён рэспублікі. Яе візітнымі карткамі сталі многія яркія фестывалі.

Асаблівы гонар краю – гэта людзі. 114 ураджэнцаў Магілёўскай вобласці сталі Героямі Савецкага Саюза. Палкоўнік Гусакоўскі, палкоўнік Шутаў, палкоўнік Якубоўскі двойчы ўдастоены гэтага высокага звання. За працоўныя дасягненні 113 перадавікоў вытворчасці атрымалі званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Спартсмены Магілёўшчыны ў розныя гады станавіліся чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпіяд. У іх ліку Святлана Баітава (гімнастыка), Аляксандр Масяйкоў, браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы (веславанне на байдарках і каноэ), Аксана Мянькова (лёгкая атлетыка), Андрэй Рыбакоў (цяжкая атлетыка), Сяргей Новікаў (біятлон).

Зараз арганізацыі і ўстановы вобласці, а таксама лаўрэаты спецпрэміі «Чалавек года» заносяцца на абласную Дошку гонару за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Па вартасці ацэнены ратны і працоўны подзвіг Магілёўшчыны. У 1967 г. за мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, за поспехі, дасягнутыя ў развіцці народнай гаспадаркі, вобласць узнагароджана ордэнам Леніна; у 1980 г. Магілёў – ордэнам Айчыннай вайны I ступені, а ў 1987 г. Бабруйск – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 2009 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам падпісаны Указ «Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». У іх ліку – Магілёў, Бабруйск, Клічаў і Крычаў.