RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча

З’яўленню фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча спрыяла свята, прысвечанае 190-годдзю з дня нараджэння заснавальніка новай беларускай драматургіі, стваральніка нацыянальнага тэатра, В. І. Дуніна-Марцінкевіча.

Першы фестываль адбыўся ў 1998 годзе, калі кожны прафесійны тэатр Беларусі прадставіў свае спектаклі па п’есах беларускіх аўтараў.

За ўвесь час існавання фестывалю па п’есах беларускіх аўтараў было прадстаўлена больш за 60 найлепшых спектакляў тэатраў з Беларусі і краін блізкага замежжа.

У адрозненне ад іншых беларускіх тэатральных фестываляў гэты форум пазіцыянуе творчасць менавіта беларускіх аўтараў, папулярызуе айчынную сучасную і класічную драматургію, пашырае геаграфію яе пастановак, дазваляе асэнсаваць і прааналізаваць існуючае становішча нацыянальнай драматургіі і яе месца ў сусветнай прасторы тэатра. Традыцыйна праграма фестывалю ўключае ў сябе творчую лабараторыю – чыткі п’ес, лекцыі і прэзентацыі, якія праходзяць пры падтрымцы цэнтраў беларускай драматургіі і эксперыментальнай рэжысуры.

Творчая лабараторыя спрыяе пошуку новых маладых таленавітых аўтараў у розных жанрах тэатральнага мастацтва, распрацоўцы і ўдасканаленні новых драматургічных напрамкаў, папулярызацыі твораў беларускіх драматургаў у краіне і за яе межамі, прыцягненні ўвагі да творчасці айчынных аўтараў, пашырэнні рэпертуарнай палітры маладых выканаўцаў.