Утвораны 12 лютага 1935 года
Кіраўскі раён знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці. Мяжуе на поўдні з Бабруйскім, на паўночным усходзе з Быхаўскім, на захадзе з Клічаўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, на ўсходзе – Рагачоўскім раёнам Гомельскай вобласці.
Насельніцтва: 18,5 тыс. чалавек (на пачатак 2020 года)
Плошча: 1300 кв. км.
На ўсходзе раёна працякае рака Друць з прытокамі: Вепранка, Хмелянка, Белая, Чарабомірка, Добрыца. На захадзе – рака Бярэзіна з прытокамі: Ольса, Ала. Рака Добасна – прыток Дняпра. На тэрыторыі раёна размешчана 16 рукатворных вадасховішчаў. Самае вялікае – Чыгірынскае, частка якога займае 1014 гектараў плошчы раёна. З лістапада 1959 года на вадасховішчы дзейнічае Чыгірынская ГЭС, якая дае электрычную энергію і зараз.
Карысныя выкапні: торф, мел, жвірова-пяшчаныя матэрыялы, пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі.
Па тэрыторыі раёна праходзяць аўтадарогі рэспубліканскага значэння: Магілёў - Бабруйск, Мінск - Гомель.
Адміністрацыйны цэнтр – горад Кіраўск.
Сайт Кіраўскага райвыканкама – http://kirovsk.gov.by/
Герб горада Кіраўска і Кіраўскага раёна ўяўляе сабой «іспанскі» шчыт, перасечаны ў «пояс» у суадносінах ніжняй і верхняй часткі, як 1:4. Верхняя частка блакітная, ніжняя – зялёная. Пасярэдзіне «Залаты» сноп жыта, перавязаны «срэбнай» вяроўкай.
Сцяг горада Кіраўска і Кіраўскага раёна ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з адпаведнасцю шырыні і даўжыні, як 1 да 2 м (110 на 180 см). Верхняя частка, ¾ шырыні сцяга, блакітная, ніжняя – зялёная. Пасярэдзіне ліцавога боку палотнішча размяшчаецца гербавая эмблема. Сцяг з’яўляецца вексілалагічнай (сцягавай) трансфармацыяй герба.