Утвораны 17 ліпеня 1924 года
Круглянскі раён у 1931 годзе быў скасаваны, а ў 1935 годзе адноўлены. У 1951 годзе зноў скасаваны. У цяперашніх межах адноўлены ў 1966 годзе.
Круглянскі раён размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Магілёўскай вобласці. Мяжуе з Бялыніцкім і Шклоўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, Талачынскім раёнам Віцебскай вобласці і Крупскім раёнам Мінскай вобласці.
Насельніцтва: 13,7 тыс. чалавек (на пачатак 2020 года).
Плошча: 882 кв. км.
Па тэрыторыі раёна цякуць рэкі: Друць з прытокамі Бярозаўка, Осліўка, Каменка, Гнілка, Вабіч. Ёсць возера Яложынскае, Хотомле (у народзе называюць Святым), на мяжы са Шклоўскім раёнам ляжыць возера Безназоўнае, або Палыкаўскае. На рацэ Друць створана Цяцерынскае вадасховішча. У раёне ёсць гідралагічныя заказнікі мясцовага значэння – Шчыток, Баравуха, Забароўскае у пойме ракі Друць.
У раёне залягаюць карысныя выкапні: торф, жвірова-пясчаныя матэрыялы, гліна і суглінкі.
Транспарт: праз раён праходзяць аўтамабільныя дарогі на Магілёў, Талачын, Шклоў, Бялынічы.
Адміністрацыйны цэнтр – горад Круглае.
Сайт Круглянскага райвыканкама: http://www.krugloe.mogilev-region.by/
Герб раёна: у блакітным полі «варажскага» шчыта залатая падкова канцамі ўверх, паміж канцамі залаты кавалерыйскі крыж.
Сцяг раёна ўяўляе з сябе сцяжную трансфармацыю герба, г. зн. палотнішча з суадносінамі вышыні і шырыні, як 1:2, на блакітным фоне, у цэнтры якога размяшчаецца падкова канцамі ўверх, паміж канцамі залаты кавалерыйскі крыж.