Утвораны 17 ліпеня 1924 года
Прапойскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 г. у складзе Магілёўскай акругі. З 1938-га – Магілёўскай вобласці. У 1945 годзе перайменаваны ў Слаўгарадскі. У 1962 годзе ліквідаваны, але праз тры гады адноўлены. Сур’ёзна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Слаўгарадскі раён размешчаны ў паўднёвай частцы Магілёўскай вобласці на адлегласці 68 км ад абласнога цэнтра. Мяжуе на поўначы з Чавускім, усходзе – з Чэрыкаўскім і Краснапольскім, захадзе – з Быхаўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, на поўдні – Кармянскім і Рагачоўскім раёнамі Гомельскай вобласці.
Насельніцтва: 13,1 тыс. чалавек (на пачатак 2020 года)
Плошча: 1300 кв. км.
Па тэрыторыі раёна працякаюць тры буйныя ракі: Сож, Проня, Раста і мноства больш дробных (Крупка, Ельня, Перагонка, Пацея, Ухлесць, Галуба, Пясчанка, Каменка, Тросліўка і інш.), Агульная плошча рэк і каналаў раёна складае 1113 га. Сярод буйных натуральных азёр раёна можна назваць Святое, Кульшыцкае, Чорнае, Узмутнае, Чарнец, Абразок , Улукаўскае. Са штучных – у в. Вялікая і Малая Зімніцы, в. Рабавічы, в. Папоўка-Васькавічы, в. Лебедзеўка, в. Лапацічы, г. Слаўгарадзе. Плошча азёр і вадасховішчаў у раёне – 655 га. У раёне знаходзіцца помнік прыроды Рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца».
Маюцца карысныя выкапні: торф, даламіт, мел, будаўнічыя пяскі, гліны, таксама 11 гідралагічных помнікаў мясцовага значэння, тарфяныя радовішчы «Дубраўскае», «Журавель», «Сматраво», «Заброжа», «Высокая грыва», «Хвашчы», «Петрачэнкаў кут», «Выгар», «Узмутнае», «Тупніцкае», «Свенцына».
Транспарт: па тэрыторыі раёна праходзяць рэспубліканскія дарогі Р43 Баранавічы-Крычаў, Р71 Слаўгарад-Магілёў, Р119 Слаўгарад-Быхаў, Р138 Слаўгарад-Чавусы і Р140 Слаўгарад-Краснаполле. Чыгунак няма. Найбліжэйшая да Слаўгарада станцыя – Чавусы (42 км) на лініі Магілёў – Крычаў.
Славутасці Слаўгарадскага раёна
Адміністрацыйны цэнтр – горад Слаўгарад.
Сайт Слаўгарадскага райвыканкама: http://slavgorod.gov.by
Герб горада Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна ўяўляе з сябе выяву на блакітным полі іспанскага шчыта залатой капліцы.
Сцяг горада Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна ўяўляе з сябе прамое палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, на якім размешчаны тры гарызантальныя паласы: роўныя верхняя і ніжняя палосы блакітнага колеру, пасярэдзіне паласа жоўтага колеру, якая складае адну чвэрць шырыні палотнішча сцяга.