V ФОРУМ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ І РАСІІ

Магілёў. 11-12 кастрычніка 2018 года.

Рус Бел Eng 中文

Магілёўскай вобласці 80 год

15 студзеня 1938 года на карце велізарнай тады краіны – Савецкага Саюза – з’явілася Магілёўская вобласць. Рашэнне аб яе стварэнні прыняла першая сесія Вярхоўнага Савета СССР. Пачаўся адлік сучаснай гісторыі Прыдняпроўскага краю.

Але да гэтага Магілёўшчына перажыла слаўныя і трагічныя часы. Знаходзячыся на стыку інтарэсаў усходу і захаду, нашы зямлі пазналі многае: росквіт і заняпад Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, часы Расійскай імперыі, эпоху рэвалюцый, станаўленне Савецкай дзяржавы. Змена гістарычных эпох ішла цяжка. Нашым продкам часта даводзілася са зброяй у руках абараняць родную зямлю. Прыдняпроўе губляла ў войнах да паловы сваіх жыхароў. Так было і ў часы Паўночнай вайны, Айчыннай 1812 года, і самай разбуральнай – Вялікай Айчыннай.

Легендарнай старонкай у гісторыю Другой сусветнай вайны ўвайшла гераічная абарона Магілёва. Часам за лічаныя гадзіны нямецка-фашысцкія захопнікі заваёўвалі цэлыя краіны, а каля сцен горада ў 41-ым вораг, памкнёны да Масквы, быў затрыманы на 23 дні. Менавіта тут развеялі міф аб непераможнасці гітлераўскіх войскаў і выйгралі час для мабілізацыі сіл. У агні той страшнай вайны спалена 110 населеных пунктаў вобласці. Лёс Хатыні падзялілі 13 вёсак і пасёлкаў. Спіс злачынстваў гітлераўцаў бясконцы. Але чым больш лютавалі фашысты, тым мацней станавілася супраціўленне: шырыўся партызанскі рух, дужэла падполле. Гэта была ў поўным сэнсе ўсенародная барацьба, якая дазволіла атрымаць Вялікую Перамогу! І сёння нізкі паклон усім ветэранам Вялікай Айчыннай, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Вобласць скончыла вайну, страціўшы палову свайго эканамічнага патэнцыялу. У руінах ляжалі гарады, вёскі, прадпрыемствы. Неймавернымі намаганнямі насельніцтва, дзякуючы брацкай падтрымцы ўсяго савецкага народа, Магілёўшчына адрадзілася. Імкліва рос прамысловы патэнцыял: у 60-70-ыя гады Прыдняпроўскі край стаў рэгіёнам вялікай хіміі. Увайшлі ў строй буйнейшы ў Еўропе камбінат «Хімвалакно», завод «Бабруйскшына», якія і сёння даюць трэць аб’ёмаў вырабленай у вобласці прадукцыі. Крычаў і Касцюковічы сталі цэнтрам цэментнай вытворчасці Беларусі. Далёка за межы рэспублікі ляцела слава працаўнікоў калгасаў «Рассвет» Кіраўскага, «Камінтэрн» Магілёўскага, імя Фрунзе Шклоўскага, імя Чкалава Горацкага раёнаў.

За ратныя і працоўныя подзвігі Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-ай ступені, Бабруйск – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, вобласць – ордэнам Леніна.

У той жа час неабходна адзначыць, што савецкі перыяд быў для вобласці не толькі стваральным, але і складаным. Нявырашанасць многіх сацыяльна-эканамічных праблем пагоршылася трагедыяй беларускага народа – Чарнобыльскай катастрофай, ад якой, як вядома, асабліва пацярпела Прыдняпроўе.

У 1991 годзе адкрылася новая старонка ў гісторыі Магілёўшчыны як часткі суверэннай Беларусі. Неабходна вылучыць 1994 год – год увядзення інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне, які дазволіў вывесці сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і вобласці на новы этап. На чале дзяржаўнай палітыкі быў пастаўлены чалавек з яго надзённымі праблемамі, жаданнем годна жыць і будаваць справядлівае грамадства.