RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абрадавае свята «Бразгун» у Чэрыкаўскім раёне

Абрадавае свята «Бразгун» пройдзе 13 ліпеня ў маляўнічым месцы вёскі Норкі Чэрыкаўскага раёна.

Абрад «Бразгун» і яго асноўны элемент – ушанаванне абраза святых апосталаў Пятра і Паўла жыхарамі вёскі Норкі Чэрыкаўскага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе. Свята з'яўляецца ўзорам традыцыйнай культуры, жывой формай аўтэнтычнай абраднасці, візітнай карткай раёна.

Адзначаюць яго на другі дзень праваслаўнага свята святых апосталаў Пятра і Паўла ля гаючай крыніцы, якая знаходзіцца недалёка ад вёскі Норкі.

У гэты дзень абраз святых апосталаў Пятра і Паўла дастаўляецца з царквы да месца правядзення свята. На працягу доўгіх гадоў яна знаходзілася ў так званых захавальніц абраза – Ніны Гаспадаровай і Любові Чапелінай. Затым абраз і свечку адносяць да крыніцы, дзе ставяць на спецыяльна зробленую падстаўку. Ручнік вешаюць на ўсталяваны тут крыж. Праходзіць вадасвятны малебен з акафістам святым апосталам Пятру і Паўлу, які праводзіць благачынны Чэрыкаўскай акругі, настаяцель Храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, протаіерэй Мікалай Жук.

Па заканчэнні служэння ўсе жадаючыя ламаюць галінкі бярозы, якія загадзя ставяць ля крыніцы, робяць гэта для таго, каб маланка не патрапіла ў хату, а таксама набіраюць асвячоную ваду, якая, як лічыцца, мае лячэбныя ўласцівасці, абмываюцца ў хрысцільні. Пасля асвячэння ікону Пятра і Паўла паднімаюць наверх і ўстанаўліваюць каля капліцы, каб людзі змаглі падысці і памаліцца аб дабрабыце сваіх родных. Тут жа праводзіцца абрад «Праходжанні пад абразам», падчас якога кожны жадаючы, праходзячы пад абразом, загадвае самае патаемнае жаданне.

Пасля асвятлення крыніцы жыхары і госці Чэрыкаўшчыны, якія прыбылі на свята могуць паслухаць царкоўныя і духоўныя спевы «Хрустальны звон вады крыніцы» хору Храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы горада Чэрыкава.

У рамках абрадавага свята «Бразгун» праводзіцца штогадовы рэгіянальны конкурс ансамбляў фальклорнай і народнай песні «З стагоддзя ў век». Конкурс праводзіцца па дзвюх намінацыях: «Фальклорныя ансамблі этнаграфічнага напрамку» – для калектываў, якія працуюць з носьбітамі традыцый, дакладна ўзнаўляюць формы народнай культуры, якія асвойваюць лакальныя традыцыі з мэтай вывучэння, аднаўлення, захавання розных форм традыцыйнай культуры і «Ансамблі народнай песні» – для калектываў, якія выкарыстоўваюць прац. сінкрэтызму.

У конкурсе штогод прымаюць удзел творчыя калектывы са Слаўгарадскага, Краснапольскага, Хоцімскага, Крычаўскага, Чавускага, Клімавіцкага, Дрыбінскага раёнаў. Паступова пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў. Да ўдзелу ў конкурсе далучыліся калектывы Гарэцкага, Бялыніцкага, Глускага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама Кармянскага раёна Гомельскай вобласці.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсу праводзіцца пасля яго заканчэння.

Працягне свята канцэртная праграма творчых калектываў раённага Дома культуры «Жывая песня Беларусі».

У рамках свята будуць працаваць выставы-кірмашы вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці раённага Дома рамёстваў, кніжная выстаўка з фондаў цэнтральнай раённай бібліятэкі «Святло праваслаўнай кнігі», выстаўка вырабаў сялянскага побыту і выстаўка «Карагод беларускіх рушнікоў» з фондаў гісторыка-краязнаўчага музея. Свае паслугі будзе аказваць выязны гандаль.

 

 

Дата проведения: 
нядзеля, 13 Ліпень 2025