Па паданні, вандроўныя шапавалы, ці, як іх яшчэ завуць, катрушнікі, з'явіліся на Дрыбіншчыне ў 1700-х гадах. Уладальнік мясцовага маёнтка зацікавіўся прыбытковым промыслам і запрасіў іх застацца. Зрэшты, звычку падарожнічаць майстры і іх нашчадкі не гублялі яшчэ доўгі час. Землі тут пясчаныя, адной сельскай гаспадаркай на жыццё не заробіш. Таму ў сярэдзіне верасня, калі з палёў убіралі хлеб, шапавалы адпраўляліся па гарадах і сёлах на заробкі.