RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканская прафілактычная акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!»

Дзяцінства – самая яркая, вясёлая і бесклапотная пара жыцця. Падрастаючы, дзеці адаптуюцца ў навакольным свеце, дзень за днём пазнаючы нешта новае. Як у побыце, так і на вуліцы, іх, нароўні з цікавымі адкрыццямі, чакаюць шматлікія небяспекі. Своечасова навучыць дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці, правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях – значыць зрабіць іх дзяцінства бяспечным.

З мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і стварэння іх агульнай бяспекі з 10 мая ў вобласці стартуе Рэспубліканская прафілактычная акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!», прымеркаваная да Міжнароднага дня сям’і і Дня абароны дзяцей.

Акцыя складаецца з 2 этапаў:

1-ы этап – з 10 па 20 мая – прымеркаваны да Міжнароднага дня сям’і: акцыя праводзіцца на аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей (гандлёва-забаўляльныя цэнтры, кінатэатры, дзіцячыя тэатры), у дзіцячых забаўляльных цэнтрах, арганізацыях грамадскага харчавання, дзіцячых крамах («Буслік», «Kari kids» і інш.) і іншых аб’ектах. Увазе дзяцей і іх бацькоў будуць прадстаўлены розныя конкурсы і гульні: «Мама, тата, мы –у бяспецы моцныя», «МНС-ЛЭНД», «Рынг бяспекі» і іншыя, а таксама праца інтэрактыўных пляцовак.

2-і этап – з 23 мая па 1 чэрвеня – прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей: акцыя праводзіцца ва ўстановах аховы здароўя (кабінеты здаровага дзіцяці, жаночыя кансультацыі і г. д.), дашкольных установах, пачатковых класах агульнаадукацыйных устаноў і цэнтрах пазашкольнай адукацыі (бацькоўскія сходы), шматдзетных сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу, суправаджальных сем’ях, на адкрытых пляцоўках, у месцах масавага знаходжання людзей. Праграма насычаная і дынамічная: інтэрактыўныя гутаркі «Галоўны эксперт», «Веру – не веру», гульні «Пытанне-адказ» і «Супермама. Супертата».

Асаблівы прафілактычны акцэнт – на правядзенне бацькоўскіх сходаў у дашкольных установах, установах адукацыі з дэманстрацыяй тэматычных відэафільмаў, а таксама на мерапрыемствы ў школах ранняга развіцця, цэнтрах дашкольнай і пазашкольнай адукацыі. Не пакінуць без увагі ратавальнікі і шматдзетныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Для іх падрыхтаваны забаўляльна-прафілактычныя мерапрыемствы, навучальныя не толькі для дзяцей, але і для бацькоў.

Хай дзяцінства будзе бяспечным!