RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вада-бяда!

Лета толькі пачалося, а хроніка трагедый на вадзе няўмольная: з пачатку чэрвеня ў рэспубліцы патанулі 42 чалавекі, у тым ліку 3 дзяцей. Толькі за мінулыя выхадныя патанулі 13 чалавек, у тым ліку 1 дзіця. У Магілёўскай вобласці з пачатку лета вада забрала жыцці 8 чалавек, у тым ліку 1 дзіця. (Звесткі актуальныя на 15 чэрвеня.)

І гэта не проста сухія лічбы статыстыкі – гэта боль родных і блізкіх, гэта непражытыя жыцці, нерэалізаваныя планы і няспраўджаныя мары. Балюча і непапраўна!

Беражыце ад бяды сябе і сваіх родных і строга прытрымлівайцеся правілаў паводзін на вадзе, якія абвяшчаюць, што:

– купацца можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, на абсталяваных пляжах.

– катэгарычна нельга ўваходзіць у ваду ў стане алкагольнага ап’янення!;

– калі не ўмееце плаваць – купайцеся выключна каля берага. Калі ўмееце плаваць – не пераацаніце свае магчымасці. Бо на глыбіні падцікоўвае маса небяспекі: вір, халоднае цячэнне, курчы, дрэннае самаадчуванне;

– адчуўшы стомленасць, не трэба губляцца і імкнуцца як мага хутчэй даплысці да берага. Трэба ўмець «адпачываць» на вадзе. Для гэтага абавязкова навучыцеся плаваць на спіне. Перавярнуўшыся на спіну і падтрымліваючы сябе на паверхні лёгкімі рухамі рук і ног, вы зможаце адпачыць;

 – калі вас захапіла цячэнне, не спрабуйце з ім змагацца. Трэба плыць ўніз па плыні, паступова пад невялікім вуглом набліжаючыся да берага;

– не губляйцеся, нават калі патрапілі ў вір. Трэба набраць пабольш паветра ў лёгкія, пагрузіцца ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок убок, усплыць;

– не падплывайце да судоў, катараў, лодак, плытоў, не нырайце пад іх;

– выконвайце правілы карыстання лодкамі і іншымі плавальнымі сродкамі: не перагружайце іх, не разгойдвайце, не скачыце з іх у ваду. Пры неабходнасці залезці ў лодку рабіць гэта трэба з боку носа або кармы, каб не перакуліць яе;

– не карыстайцеся надзіманымі матрацамі, камерамі: вас можа панесці далёка ад берага;

– не заплывайце за буйкі і іншыя агароджы. Не нырайце ў незнаёмых месцах, не падавайце лжывых сігналаў бедства;

– не пакідайце малалетніх дзяцей ля вады без нагляду нават на некалькі хвілін, бо гэтыя хвіліны могуць стаць фатальнымі;

– БАЦЬКІ! Растлумачце дзецям, што, пры ўсёй сваёй празрыстасці і прывабнасці, вада – каварная і небяспечная, а там, дзе моцная плынь, наогул да вады набліжацца нельга!

Сабраліся ратаваць чалавека, які тоне? Самае бяспечнае – працягнуць яму надзіманы круг, выратавальную камізэльку або палку, за якую ён зможа трымацца. Часта ў паніцы людзі чапляюцца за тых, хто хоча іх выратаваць, і зацягваюць за сабой на дно. Спачатку пагаварыце з чалавекам, каб ён супакоіўся. Калі ён не можа плыць сам, хай пакладзе руку вам на плячо і стараецца спакойна веславаць другой рукой і нагамі. Калі ён дрэнна разумее, падплывіце да яго ззаду і разгарніце яго так, каб ён апынуўся на спіне. Далей абхапіце грудзі пацярпелага рукой або вазьміце яго за валасы. Але калі чалавек, які тоне, крычыць, бязладна боўтаецца і не можа супакоіцца, то лепш да яго блізка не падплываць. Вам дапаможа толькі круг ці палка.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Тэлефоны службы выратавання 101 і 112!