Паталагічны гэмблінг (лудаманія, гульнявая залежнасць, гульняманія) – паняцце адносна нядаўна ўвайшло ў наша жыццё (1990 г.). Ён адносіцца да нехімічнай, інфармацыйнай залежнасці ад гульнявых аўтаматаў, казіно, камп’ютарных гульняў, інтэрнэту, SMS-зносін і з'яўляецца псіхічным расстройствам, у аснове якога ляжыць паталагічная цяга да азартных гульняў.
Сёння гульнявая залежнасць – захворванне, прызнанае ўсімі медыцынскімі сістэмамі свету, і ў цяперашні час з'яўляецца сур'ёзнай сацыяльнай і псіхалагічнай праблемай нараўне з такімі праблемамі, як наркаманія, алкагалізм, таксікаманія. Дадзеная залежнасць можа сфарміравацца ў любым узросце, але найбольш схільныя ўсё-такі да гэтага падлеткі, паколькі іх псіхічныя працэсы толькі фарміруюцца і з'яўляюцца няўстойлівымі.
Распаўсюджанасць паталагічнай прыхільнасці да азартных гульняў у сусветнай папуляцыі складае ад 1,4 да 5%. Як і любая іншая залежнасць – гульнявая залежнасць вельмі негатыўна ўплывае на бытавую, вучэбную, сацыяльную, працоўную, сямейную, фінансавую і псіхалагічную сферы дзейнасці чалавека.
У пачатку сваёй гульнявой гісторыі чалавек імкнецца адысці ад паўсядзённасці метадам трансфармацыі ўласнага эмацыйна-псіхічнага настрою. Гуляючы, чалавек не толькі адкідае надзённыя клопаты на задні план, але пры гэтым затарможваецца работа яго псіхікі, а часцей зусім спыняецца індывідуальна-асобаснае развіццё, што асабліва небяспечна ў дзіцяча-падлеткавым узросце. Прыкладна ад 10 да 14% людзей, якія гуляюць у розныя гульні, становяцца залежнымі ад іх.
З'яўленне гульнявой залежнасці звычайна спалучана з пераломнымі перыядамі ў жыцці чалавека і пагаршаецца тым, што падчас гульні ў чалавека ўзнікае расслабленне, змяншаецца эмацыйнае напружанне і ён адцягваецца ад непрыемных праблем. Гульня разглядаецца чалавекам як прыемнае, бесклапотнае баўленне часу. На аснове гэтага механізму паступова надыходзіць уцягванне і развіваецца залежнасць, бо чалавек імкнецца да таго, каб усё больш і больш атрымліваць гэтае заспакаенне і расслабленне. Таксама падтрымліваючым фактарам у развіцці гульнявой залежнасці з'яўляцца спадарожніцтва неймавернай колькасці ілюзій, фантазій, самападманаў, забабонаў, міфаў, баек, «сакрэтаў казіно, рулеткі, гульнявых аўтаматаў», засвоеных лудаманам раней.
Часцей гульнявая залежнасць фарміруецца ў тых людзей, якія ў жыцці маюць некаторыя цяжкасці ў зносінах, яны няўпэўненыя ў сабе і маюць нізкую самаацэнку, гэтых людзей пераследуюць адчуванне адзіноты і старанні самасцвердзіцца.
Пры гэтым, як правіла, гульняманы – гэта азартныя, упартыя, зусім не дурныя людзі (каб прайграць, трэба спачатку зарабіць). Яны эмацыйна няўстойлівыя, у іх зніжана здольнасць да самакантролю і рэфлексіі, у іх выяўлены асацыяльныя ўстаноўкі, яны схільныя да ўтварэння звышкаштоўных ідэй, у іх павышана актыўнасць, што спалучаецца звычайна з перавагай нарцысічных і пагранічных асобасных рыс. Гэта асобы пераважна мужчынскага полу, сярэдні ўзрост якіх складае ад 21 да 40 гадоў. Адукацыя – сярэдняя, няскончаная вышэйшая або вышэйшая. Часцей гульцы займаюцца працоўнай дзейнасцю, знаходзяцца ў шлюбе, але адносіны ў сям'і пераважна канфліктныя.
Таксама гульнявая залежнасць амаль у палове выпадкаў спалучаецца з алкагалізмам (42,4%). Варта таксама адзначыць, што ў гульняманаў высокая ўдзельная вага алкагольнай спадчыннасці, якая ў сярэднім складае 41-52%. Акрамя таго, суіцыдальныя тэндэнцыі сярод гульняманаў складаюць 52%, а супрацьпраўныя дзеянні прыкладна 50%.
Чалавек, які пакутуе на гульнявую залежнасць, не толькі разбурае сябе як асобу, але ён нясе гора і пагрозу сваёй сям'і. Так, у сем'ях, дзе ёсць ігрок, рана ці позна прыходзіць сур'ёзны фінансавы крызіс, вельмі часта гэтыя сем'і распадаюцца.
Таксама да 60% асоб, залежных ад гульні, здзяйсняюць розныя правапарушэнні, бо ім увесь час патрабуюцца сродкі для здаволення сваёй залежнасці, і яны аказваюцца «за кратамі». Гэтыя людзі схільныя да здзяйснення самагубства, прыкладна 13-40% з іх здзяйсняюць такія спробы, а ў 32-70% увесь час прысутнічаюць навязлівыя суіцыдальныя думкі. Жорсткія камп'ютарныя гульні ўжо зрабілі сваю справу: тысячы нармальных людзей сталі псіхічна неўраўнаважанымі асобамі.
Патрэба гуляць знаходзіцца ў вобласці несвядомага, паколькі ў большасці выпадкаў часткова ці цалкам не ўсведамляецца. Аднак неўсвядомленасць патрэбы не сведчыць пра яе адсутнасць, бо ўжо дакладна ўстаноўлена, што несвядомыя патрэбы аказваюць большы ўплыў на нашы паводзіны, чым усвядомленыя.
У людзей, якія пакутуюць лудаманіяй, змяняецца біяхімічны састаў актыўных рэчываў у клетках мозгу, што выяўляецца ў выглядзе скажоных эмацыйных рэакцый (раздражненне, злосць, агрэсія, трывога і г. д.). Калі ўсе нармальныя людзі ад пачуцця небяспекі адчуваюць страх, то гульняманы адчуваюць ад гэтага эйфарыю, ап'яняльнае пачуццё. У іх узровень дафаміну зніжаецца да незвычайна нізкага ўзроўню, а якраз менавіта дафамін у арганізме чалавека адказвае за станоўчыя пачуцці да іншых, пачуццё задавальнення, радасці, а таксама дафамін ажыццяўляе кантроль за сардэчна-сасудзістай дзейнасцю.
Асноўнай прыметай захворвання з'яўляецца пастаянны ўдзел у розных гульнях. Гульняман не зважае на сацыяльныя наступствы, такія як збядненне, разбурэнне ўнутрысямейных узаемаадносін і асабістага жыцця, страта сяброў. Паказчыкамі таго, што фарміруецца залежнасць ад гульні, з'яўляюцца пачашчэнне гульні і бесперапыннае павелічэнне «дозы» (перш за ўсё велічыня пройгрышу, матэрыяльныя страты і працягласць гульнявых эпізодаў), а таксама паступовае нарастанне дэградацыі асобы. Лудаманы становяцца хлуслівымі, выкрутлівымі папрашайкамі. У іх парушаецца рэжым харчавання, яны губляюць пачуццё часу і могуць не спаць суткамі, поўнасцю трансфарміруецца рэжым дня і ночы.
Але, як бы небяспечная ні была гульняманія, адчайвацца не варта. Як і многія іншыя хваробы, яна вылечная. Аднак самастойна справцца з гэтай праблемай чалавек не ў стане. Тут патрэбна дапамога спецыялістаў. У лячэнні ад гульнявой залежнасці гатовых рэцэптаў няма, тым больш не прымальныя якія-небудзь схемы ці рэцэпты для ўсіх выпадкаў жыцця. Бо кожны чалавек індывідуальны і непаўторны і ў кожнага ёсць свае акалічнасці і зігзагі жыцця.
Але лічыцца, што адзіны, найбольш эфектыўны спосаб лячэння гульняманіі – гэта псіхатэрапія, якая праводзіцца як індывідуальна, так і ў групе. Псіхолагі дапамагаюць гульняману змяніць сваё стаўленне да гульняў, вывесці яго з так званага «гульнявога гіпнозу». Гэта адбываецца падчас пераацэньвання жыццёвых каштоўнасцей, змянення ладу жыцця залежнага ад гульні чалавека.
Экстраная псіхалагічная дапамога для жыхароў Магілёўскай вобласці па пераадоленні гульнявой залежнасці ажыццяўляецца па «Тэлефоне даверу» УАЗ «Магілёўская абласная псіхіятрычная бальніца» 8 (0222) 71-11-61 (кругласутачна).
Прэс-цэнтр МНС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці