RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З 1 студзеня 2023 года для арганізацый, якія маюць філіялы, што знаходзяцца на ўліку ў падатковых органах, уводзіцца забарона на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання

З 1 студзеня 2023 г. уступаюць у сілу змены ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – ПК), якія тычацца ўстанаўлення забароны на прымяненне падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання (далей – ССП) для арганізацый, якія маюць філіялы, што стаяць на ўліку ў падатковых органах.

У адпаведнасці з палажэннямі пункта 1 артыкула 324 ПК плацельшчыкамі падатку пры ССП прызнаюцца арганізацыі, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь.

З 1 студзеня 2023 г. на падставе падпункта 2.1.3 пункта 2 артыкула 324 ПК не маюць права прымяняць ССП арганізацыі, якія маюць адзін або некалькі філіялаў, што стаяць на ўліку ў падатковых органах.

Згодна з пунктам 3 артыкула 14 ПК, філіял, прадстаўніцтва ці іншае адасобленае падраздзяленне юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь, якія ў адпаведнасці з уліковай палітыкай гэтай юрыдычнай асобы ажыццяўляюць вядзенне бухгалтарскага ўліку з вызначэннем фінансавага выніку па іх дзейнасці і якім для здзяйснення аперацый юрыдычнай асобай адкрыты рахунак з прадастаўленнем права распараджацца грашовымі сродкамі на рахунку службовым асобам гэтых адасобленых падраздзяленняў (далей – філіял), вылічаюць сумы падаткаў, збораў (пошлін) і выконваюць падатковыя абавязацельствы гэтай юрыдычнай асобы ў частцы сваёй дзейнасці, калі іншае не ўстаноўлена ПК альбо Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, прадугледжаная падпунктам 2.1.3 пункта 2 артыкула 324 ПК забарона на прымяненне ССП:

1) распаўсюджваецца на арганізацыі, якія маюць адзін або некалькі філіялаў, якія адпавядаюць па сукупнасці прыкметам, названым у пункце 3 артыкула 14 ПК і стаяць на ўліку ў падатковых органах. Такія арганізацыі не маюць права прымяняць ССП ў цэлым па дзейнасці арганізацыі (гэта значыць, як у частцы дзейнасці галаўной арганізацыі, так і яе адасобленых падраздзяленняў).

Пры гэтым варта ўлічваць, што, паколькі пад тэрмінам «філіял» разумеецца любое адасобленае падраздзяленне, забарона на прымяненне ССП дзейнічае, у тым ліку, у дачыненні да арганізацый, якія маюць адасобленыя структурныя падраздзяленні (арганізацыйныя структуры), надзеленыя правамі юрыдычнай асобы, калі гэтыя адасобленыя структурныя падраздзяленні адпавядаюць па сукупнасці прыкметам, названым у пункце 3 артыкула 14 ПК, і стаяць на ўліку ў падатковых органах. Да такіх арганізацый, у прыватнасці, адносяцца грамадскія аб’яднанні, рэспубліканскія дзяржаўна-грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі, прафесійныя саюзы, Беларуская натарыяльная палата, выканаўчыя і распарадчыя органы, калі яны маюць адно або некалькі названых адасобленых структурных падраздзяленняў;

2) не распаўсюджваецца на арганізацыі, якія маюць адасобленыя падраздзяленні, што не знаходзяцца на ўліку ў падатковых органах і не адпавядаюць па сукупнасці прыкметам, указаным у пункце 3 артыкула 14 ПК.

Чытаць таксама:

Спрошчаная сістэма падаткаабкладання 2023