RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пры якіх умовах прызначаецца пенсія за выслугу гадоў педагагічным работнікам

Пытанне. Пры якіх умовах прызначаецца пенсія за выслугу гадоў педагагічным работнікам, ці залічваецца ў спецыяльны стаж для вызначэння права на гэтую пенсію час працы ў якасці выхавальніка групы падоўжанага дня ў сярэдняй школе?

Адказ. Права на пенсію за выслугу гадоў у адпаведнасці з артыкулам 48 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» (далей – Закон) маюць асобныя катэгорыі педагагічных работнікаў са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў: пры наяўнасці спецыяльнага стажу работы ў мужчын – не менш за 30 гадоў , у жанчын – не менш за 25 гадоў.

Агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост у 2018 годзе для мужчын – 61 год, для жанчын – 56 гадоў, такім чынам, права на пенсію за выслугу гадоў можа быць рэалізавана па дасягненні мужчынамі ўзросту 56 гадоў, жанчынамi – 51 года. Штогод з 1 студзеня пенсійны ўзрост, у тым ліку для пенсiй за выслугу гадоў, павялічваецца на 6 месяцаў (да 2022 года ўключна).

Пералік устаноў, арганізацый і пасад, праца ў якіх дае права на пенсiю за выслугу гадоў асобным катэгорыям медыцынскіх і педагагічных работнікаў, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 01.12.1992 № 724, і ўжываецца ў дачыненні да перыядаў работы, якія праходзяць да 31.12.2008.

Артыкулам 53 Закона ўстаноўлена, што пры вылічэнні спецыяльнага стажу работы для назначэння пенсіі ў гэты стаж залічваецца час, на працягу якога работнік поўны працоўны дзень непасрэдна быў заняты выкананнем работ, якія даюць права на пенсію за выслугу гадоў, а таксама перыяды часовай непрацаздольнасці і час, у працягу якога за работнікам ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку захоўвалася сярэдняя заработная плата.

Для вызначэння права на пенсію за выслугу гадоў у спецыяльны стаж уключаецца таксама прафесійны стаж, які фарміруецца за перыяды работы з 01.01.2009 пры ўмове выплаты узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне (артыкул 46 Закона). Пералік устаноў, арганізацый і пасад для мэт прафесійнага пенсійнага страхавання медыцынскіх і педагагічных работнікаў зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 09.10.2008 № 1490.

Вышэйазначанымі пералікамі прадугледжаны выхавальнікі сярэдніх школ. Такім чынам, пры выкананні ўсіх неабходных умоў перыяд працы ў якасці выхавальніка групы падоўжанага дня можа быць залічаны ў спецыяльны стаж для вызначэння права на пенсію за выслугу гадоў.