RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Нацыянальны банк з 11 красавіка 2018 года адмяняе абмежаванні па мэтавай куплі замежнай валюты суб’ектамі гаспадарання

З 11 красавіка 2018 года ўступае ў сілу пастанова Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2017 года № 538 «Аб некаторых пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю», якая накіравана на ўдасканаленне парадку правядзення валютна-абменных аперацый з удзелам юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і прадугледжвае адмену абмежаванняў па мэтавай куплі замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку.

У адпаведнасці з новым парадкам неабходнасць куплі замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку будзе вызначацца суб’ектам валютных аперацый – рэзідэнтам – самастойна. Адмяняюцца тэрміны захоўвання набытай замежнай валюты. Для фарміравання адзінага падыходу да правядзення валютна-абменных аперацый выключаецца асаблівы парадак зажыццяўлення валютна-абменных аперацый на ўнутраным валютным рынку, устаноўлены для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Пры куплі замежнай валюты юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны будуць паказваць код напрамку выкарыстання купленай замежнай валюты. Пры гэтым указанне дадзеных кодаў будзе насіць выключна статыстычны характар і не будзе абмяжоўваць выкарыстанне набытай замежнай валюты па іншых напрамках.

Адмена абмежаванняў па мэтавай куплі замежнай валюты дазволіць знізіць адміністрацыйныя выдаткі суб’ектаў гаспадарання, звязаныя з неабходнасцю звароту ў Нацыянальны банк за атрыманнем дазволаў на куплю замежнай валюты на мэты, не прадугледжаныя заканадаўствам, падаўжэнне тэрмінаў захоўвання і змяненне мэтавага выкарыстання набытай замежнай валюты, а таксама стане дадатковым крокам у напрамку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і сфарміруе перадумовы для наступнай адмены іншых абмежаванняў і абцяжаранняў, устаноўленых валютным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.