RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выйшла з друку кніга «Служа примером бесстрашия» аб поўных Георгіеўскіх кавалерах– ураджэнцах беларускіх губерняў

Выйшла з друку кніга намесніка старшыні ГА «Магілёўскі АГППК«Віккру»Сяргея Іванавіча Бяспанскага «Служа примером бесстрашия»(ТАА«Медисонт», 2018 г., г. Мінск). Тыраж выдання – 300 асобнікаў, аб’ём – 128 с. Выдадзена кніга за кошт асабістых сродкаў аўтара і спонсарскай дапамогі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Метадычную дапамогу пры падрыхтоўцы выдання да друку аказалі ўстанова культуры «Прыватны музей гісторыі Першай сусветнай вайны (1914-1918)» і пошукавы клуб «Віккру».

Кніга ўключае ў сябе дадзеныя аб поўных Георгіеўскіх кавалерах усіх беларускіх губерняў, фотаілюстрацыі, вытрымкі з успамінаў афіцэраў Рускага імператарскага войска – удзельнікаў баявых дзеянняў: Вайталоўскага Льва Навумавіча «Всходил кровавый Марс: по следам войны» і Папова Канстанціна Сяргеевіча «Русская армия в Великой войне: воспоминания кавказского гренадера», якія перадаюць дух эпохі таго часу. Гэты першы зводны спіс беларускіх Георгіеўскіх кавалераў за пасляваенае стагоддзе з’яўляецца толькі пачаткам карпатлівай працы па вяртанні імёнаў забытых герояў.

Сярод узнагароджаных салдацкім Георгіеўскі крыжам аўтару ўдалося адшукаць імёны каля 400 ураджэнцаў беларускіх губерняў былой Расійскай імперыі: Віцебскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай. Сярод іх – «асабліва праславіліся сваёй смеласцю і дзёрзкасцю ў баях» 162поўныя Георгіеўскія кавалеры, інфармацыя пра якіх змешчана ў кнізе. Сёння іх пакуль далёка не поўны спіс па губернях выглядае так: Віленская – 16, Віцебская – 26, Гродзенская – 25, Мінская – 38, Магілёўская –56. Восем з іх маюць поўны Георгіеўскі бант – чатыры крыжы і чатыры медалі «За адвагу». Прадстаўнікі розных саслоўяў, нацыянальнасцяў і веравызнання праявілі незвычайную мужнасць, доблесць, адвагу на палях бітваў і ... на сто гадоў былі забыты нашчадкамі. Памяць пра іх сталі аднаўляць сваякі і некалькі энтузіястаў-пошукавікаў, а павінна была б гэта памяць стаць агульнанацыянальнай.

Мікалай Барысенка