RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі аблвыканкам запрашае прыняць удзел у адкрытым конкурсным адборы інавацыйных праектаў, работ і мерапрыемстваў. Прыём дакументаў – да 16 ліпеня 2018 года

Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт запрашае прыняць удзел у адкрытым конкурсным адборы праектаў (работ, мерапрыемстваў) у адпаведнасці з напрамкамі выкарыстання сродкаў інавацыйнага фонду Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ў 2018 годзе.

Адкрыты конкурсны адбор праектаў (работ, мерапрыемстваў) у адпаведнасці з напрамкамі выкарыстання сродкаў інавацыйнага фонду Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта праводзіцца на падставе Інструкцыі аб парадку фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйнага фонду Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, зацверджанай рашэннем Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ад 16 сакавіка 2017 г. № 26-10 «Аб парадку фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйнага фонду Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта» (Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2017 г., 9/84258) (далей – Інструкцыя).

Конкурсны адбор праектаў (работ, мерапрыемстваў) у адпаведнасці з напрамкамі выкарыстання сродкаў інавацыйнага фонду праводзіцца рабочай групай па адборы праектаў (работ, мерапрыемстваў) для наступнага фінансавання за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Удзел у конкурсным адборы могуць прымаць арганізацыі, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, а таксама гаспадарчыя таварыствы, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, недзяржаўныя юрыдычныя асобы, а таксама навуковыя, праектныя і канструктарскія арганізацыі незалежна ад падпарадкаванасці.

Пры неабходнасці дапускаецца долевае фінансаванне праектаў (работ, мерапрыемстваў, названых у абзацах другім-шостым пункта 7 Інструкцыі), што рэалізуюцца (выконваюцца) арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.

Сродкі інавацыйнага фонду накіроўваюцца на фінансаванне праектаў (работ, мерапрыемстваў), названых у абзацах другім-сёмым пункта 7 Інструкцыі.

Фінансаванне інавацыйных праектаў за кошт сродкаў інавацыйнага фонду ажыццяўляецца пры ўмове іх адпаведнасці наступным крытэрыям:

арганізацыя тэхналагічнага працэсу, які забяспечвае сярэдні ўзровень дабаўленага кошту на аднаго працоўнага, аналагічны сярэдняму ўзроўню дабаўленага кошту на аднаго працоўнага па адпаведным відзе эканамічнай дзейнасці ў Еўрапейскім саюзе або перавышае гэты ўзровень;

экспартная арыентаванасць інавацыйнага праекта (перавышэнне экспарту над імпартам);

стварэнне і ўкараненне новых тэхналогій і (або) вытворчасць новай для Рэспублікі Беларусь і (або) сусветнай эканомікі прадукцыі.

Фінансаванне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ за кошт сродкаў інавацыйнага фонду ажыццяўляецца пры ўмове іх адпаведнасці прыярытэтным напрамкам навуковых даследаванняў і навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, устаноўленым актамі заканадаўства.

Выдзяленне сродкаў з інавацыйнага фонду ажыццяўляецца на беззваротнай аснове.

Для ўдзелу ў конкурсе арганізацыі, якія прэтэндуюць на атрыманне сродкаў інавацыйнага фонду, прадстаўляюць у камітэт эканомікі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта (212030, г. Магілёў, вул. Першамайская, 71, каб. 567, тэл. (0222) 22 12 87, і па электроннай пошце на адрас invest@comecon.mogilev.by) наступныя дакументы:

заяўку на атрыманне сродкаў інавацыйнага фонду;

копіі ўстаноўчых дакументаў і пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі, завераныя ва ўстаноўленым парадку (без натарыяльнага засведчання);

тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне праекта (работы, мерапрыемства), якое адлюстроўвае мэты, задачы, эканамічныя, сацыяльныя і экалагічныя паказчыкі, навізну, аб’ём фінансавання працы (мерапрыемства);

папярэдні каштарыс расходаў, што фінансуюцца за кошт сродкаў інавацыйнага фонду, каляндарны план рэалізацыі праекта (работы, мерапрыемства) і іншыя матэрыялы ў адпаведнасці з пунктам 12 Палажэння.

Для ўдзелу ў конкурсе інавацыйных праектаў, што выконваюцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, дадаткова прадастаўляюцца анкета і бізнес-план інавацыйнага праекта.

Арганізацыі, якія прэтэндуюць на атрыманне сродкаў інавацыйнага фонду, маюць права прыкладаць дадатковыя дакументы, у тым ліку інфармацыйна-даведачныя матэрыялы, звязаныя з выкананнем прадастаўленых работ (мерапрыемстваў).

Прыём дакументаў ажыццяўляецца з 25 чэрвеня па 16 ліпеня 2018 года.