RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэпутаты ў першым чытанні прынялі змяненні ў Працоўны кодэкс

Адным з распрацоўшчыкаў законапраекта стала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі: унесена каля 40 прапаноў, і большую частку з іх парламентарыі ўлічылі.

«Працоўны кодэкс для прафсаюзаў – гэта асноўны дакумент. Галоўная задача, якую мы як нацыянальны прафцэнтр ставілі пры рабоце над дадзеным законапраектам – забяспечыць у працоўных адносінах абарону інтарэсаў людзей. Усе нашы прапановы ў дадзены законапраект сфарміраваныя на аснове тых запытаў і праблем, з якімі да нас звяртаюцца члены прафсаюза і працоўныя калектывы. У выніку сумеснай і, трэба сказаць, дастаткова грунтоўнай працы з іншымі зацікаўленымі бакамі вялікая частка нашых ініцыятыў была ўлічана», – заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

У прыватнасці, лідар нацыянальнага прафцэнтра адзначыў, што прафсаюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка аб змяненні істотных умоў працы ў колькасці 30 дзён, адзначыўшы, што першапачатковая рэдакцыя законапраекта прадугледжвала скарачэнне гэтага тэрміну да 7 каляндарных дзён.

Гаворка ідзе пра тое, што пасля папярэджання аб змяненні істотных умоў працы (заработная плата, працягласць працоўнага дня і інш.) работнік павінен прыняць рашэнне або працягнуць працу на новых умовах, або звальняцца. Такім чынам, калі работнік прымае рашэнне аб звальненні, больш працяглы перыяд папярэджання дае яму больш магчымасцяў для пошуку новай працы.

«Немалаважным для нас з’яўляецца і ўключэнне ў законапраект палажэнняў, згодна з якім будзе заканадаўча забяспечана магчымасць для прафсаюзнай арганізацыі прымаць удзел у абмеркаванні кантракта з работнікам – членам прафсаюза. Гэта дапаможа пазбегнуць сітуацый, калі работніку прапаноўваюць загадзя нявыгадныя ўмовы працы і нормы, які ідуць у разрэз з заканадаўствам. Таксама законапраект прадугледжвае апавяшчэнне прафсаюза пры намеры наймальніка не працягваць кантракт з работнікам», – адзначыў старшыня ФПБ.

Сярод іншых прапаноў нацыянальнага прафцэнтра, якія ўвайшлі ў законапраект – абмежаванне матэрыяльнай адказнасці работнікаў. Федэрацыя прафсаюзаў не аднойчы падымала гэтую праблему на сустрэчах з сацыяльнымі партнёрамі.

«Гэта несправядліва, калі два работнікі працуюць у аднолькавых умовах, але ў таго, хто працуе па працоўным дагаворы, матэрыяльная адказнасць можа абмяжоўвацца калектыўным дагаворам, а ў таго, хто прыняты па кантракце – не абмяжоўваецца. І ён плаціць на шмат разоў больш. У сувязі з гэтым мы прапанавалі ўнесці змены ў Працоўны кодэкс, і на сённяшні дзень законапраектам устаноўлены адзіныя падыходы прымянення матэрыяльнай адказнасці да работнікаў пры прычыненні імі шкоды наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў, – растлумачыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. – Таксама законапраект прадугледжвае, што штрафы, якія накладаюцца на наймальніка, у далейшым не будуць спаганяцца з работнікаў».

Па прапанове Федэрацыі прафсаюзаў у новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса удалося таксама захаваць права за пенсіянерамі, якія запатрабавалі скасавання працоўнага дагавора па прычыне вінаватых дзеянняў наймальніка, на атрыманне кампенсацыі ў памеры трохмесячнага заробку. У першапачатковай рэдакцыі законапраекта гэтая норма адсутнічала.

Прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў