RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аб прыёме ў школы, гімназіі

Прыём асоб у I клас

Прыём асоб у I клас рэгламентаваны артыкулам 159 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Артыкул 159. Агульныя патрабаванні да прыёму асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі

Прыём асобы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на падставе яе заявы пры прад’яўленні пасведчання аб нараджэнні або дакумента, які сведчыць асобу, і медыцынскай даведкі аб стане здароўя, калі іншае не ўстаноўлена гэтым артыкулам. Ад імя непаўналетняга заява можа быць пададзена яго законным прадстаўніком.

У I клас прымаюцца асобы, якім на 1 верасня адпаведнага навучальнага года спаўняецца шэсць і больш гадоў. Па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці дапускаецца прыём у I клас асобы, якой шэсць гадоў споўніцца ў перыяд з 1 па 30 верасня адпаведнага навучальнага года.

У мэтах рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 студзеня 2018 г. № 30 «Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучанні ў іх» прынята пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 сакавіка 2018 г. № 10 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у пастанову Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2011 г. № 283», якой унесены змены і дапаўненні ў Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі.

З 2018/2019 навучальнага года прыём дакументаў у I класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца з 12 чэрвеня па 28 жніўня.

У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку арганізацыі ўліку дзяцей, якія падлягаюць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2006 г. № 1493), гарадскімі раённымі выканаўчымі камітэтамі і мясцовымі адміністрацыямі прыняты рашэнні (пры неабходнасці перагледжаны дзеючыя рашэнні) аб замацаванні за ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку гімназіямі, размешчанымі на падведамасных ім тэрыторыях, жылых дамоў (далей – мікрараён).

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны адказныя асобы за арганізацыю і ажыццяўленне кантролю за ходам прыёму дакументаў у I класы; забяспечваецца выкананне адзіных тэрмінаў прыёму дакументаў для залічэння дзяцей у I клас з 12 чэрвеня 2018 г. па28 жніўня 2018 г.

Вызначаны графік прыёму дакументаў у I класы, які прадугледжвае прыём дакументаў з панядзелка па пятніцу ў першай палове дня (з 8.00 да 13.00), так і ў другой палове дня (з 15.00 да 20.00), а таксама ў суботу.

У першую чаргу прымаюцца ў I класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі дзеці, якія пражываюць у мікрараёне дадзенай установы. Заявы ад бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне ўстановы, сумесна з іншымі дакументамі, устаноўленымі артыкуламі 159 і 270 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, прымаюцца ў адпаведнасці з зацверджаным графікам асобамі, адказнымі за прыём дакументаў.

Прыём асоб на свабодныя месцы ў школе, гімназіі

Пры наяўнасці свабодных месцаў ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі могуць прымацца дзеці, якія пражываюць у іншых мікрараёнах. У гэтым выпадку заявы прымаюцца ў перыяд з 12 чэрвеня 2018 г. па 28 жніўня 2018 г. падчас прыёму грамадзян і рэгіструюцца ў спецыяльна адведзенай для гэтых мэтаў кнізе рэгістрацыі заяў.