RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Калектыўныя звароты: як правільна аформіць і атрымаць вынік разгляду?

У адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.

З улікам аналізу зваротаў, якія паступаюць у дзяржаўныя органы, у тым ліку ў аблвыканкам, адзначаецца, што заяўнікі не заўсёды правільна афармляюць калектыўныя звароты. Для таго, каб зварот было прызнаны калектыўным і ў далейшым разгледжаны ва ўстаноўленым парадку і па сутнасці, варта ўлічваць пэўныя правілы і патрабаванні.

Калектыўны зварот – гэта зварот двух і больш заяўнікаў па адным і тым жа пытанні (некалькіх пытаннях). Такое азначэнне даецца гэтаму паняццю ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».

Калектыўнымі могуць быць заявы, прапановы, скаргі – усё залежыць ад зместу звароту. Выкласці калектыўны зварот можна ў пісьмовай, электроннай ці вуснай форме.

Названым вышэй Законам устаноўлены патрабаванні, што прад'яўляюцца да зваротаў. Так, пісьмовыя звароты грамадзян павінны ўтрымліваць:

• назву і (або) адрас арганізацыі або пасаду асобы, якім накіроўваецца зварот;

• прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) або ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання);

• выкладанне сутнасці звароту; асабісты подпіс грамадзяніна (грамадзян).

Электронныя звароты павінны ўтрымліваць усе вышэйпералічаныя звесткі, акрамя асабістага подпісу грамадзяніна (грамадзян), а таксама дадаткова ўтрымліваць адрас электроннай пошты заяўніка.

Указанне ўсіх пералічаных звестак і дадзеных з'яўляецца абавязковым. У выпадку іх не захавання зварот можа быць пакінуты без разгляду па сутнасці.

Трэба сказаць, што на практыцы нярэдка ў зваротах заяўнікі дадаткова паказваюць іншыя звесткі і інфармацыю (кантактны тэлефон, дата звароту, сацыяльны статус, працоўныя заслугі і іншыя).

Такім чынам, калектыўным зваротам з'яўляецца зварот, у якім у дачыненні да некалькіх заяўнікаў пазначаны ўсе неабходныя дадзеныя (напрыклад, прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас месца жыхарства). Варта звярнуць увагу, што не будзе з'яўляцца калектыўным зварот, у якім пералічана некалькі заяўнікаў, але адрас месца жыхарства (месца знаходжання) паказаны толькі ў дачыненні да аднаго з іх.

Па агульным правіле калектыўны зварот разглядаецца ў тым жа парадку, у тыя ж тэрміны, што і індывідуальны зварот. Пры гэтым Законам устаноўлены некаторыя асаблівасці. Так, калектыўныя звароты трыццаці і больш заяўнікаў падлягаюць разгляду з выездам на месца (калі іншае не вынікае з гэтых зваротаў).

Каб пазбегнуць непаразуменняў па пытанні атрымання адказаў на калектыўныя звароты, важна ведаць, што Законам устаноўлена дакладнае правіла для вызначэння адрасата адказу на калектыўны зварот – у выпадку, калі ў калектыўным звароце паказаны заяўнік, якому неабходна накіраваць адказ, то адказ на такі зварот накіроўваецца гэтаму заяўніку з просьбай праінфармаваць іншых заяўнікаў, у іншым выпадку адказ на калектыўны зварот накіроўваецца першаму ў спісе заяўніку, які ўказаў адрас свайго месца жыхарства (месца знаходжання), з просьбай праінфармаваць іншых заяўнікаў.

Выконваючы ўстаноўленыя патрабаванні пры накіраванні калектыўных зваротаў, заяўнікі атрымаюць гарантыю таго, што такі зварот будзе ўлічаны і разгледжаны ва ўстаноўленым парадку.

Іна Філіпава, начальнік упраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама