RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Праграма развіцця сістэмы дзяржрэгістрацыі нерухомай маёмасці прадаўжаецца да 2020 года

Праграма развіцця сістэмы дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю на 2014-2018 гады прадаўжаецца да 2020 года. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 17 кастрычніка 2018 года нумар 742 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 верасня 2014 года нумар 874», паведаміла начальнік упраўлення рэгістрацыі, тэхнічнай інвентарызацыі нерухомай маёмасці і ўліку дзяржаўнай маёмасці Дзяржкаммаёмасці Кацярына Лук'янава.

Праграма развіцця сістэмы дзяржрэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю, якая паспяхова выконваецца, сінхранізуецца з пяцігадовымі тэрмінамі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016-2020 гады.

«Да 2020 года прадаўжаецца тэрмін выканання тых мерапрыемстваў праграмы, выкананне якіх мае пастаянны характар і накіравана на забеспячэнне вядзення рэгістра нерухомай маёмасці, інфармацыйнага ўзаемадзеяння, прадастаўлення дадатковых сэрвісаў спажыўцам, навучання і атэстацыі спецыялістаў, кантролю і падтрымання цэласнасці даных рэгістра нерухомай маёмасці», - адзначыла Кацярына Лук'янава.

Перад сістэмай дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці на бліжэйшыя два гады пастаўлены і новыя задачы. Гэта ўкараненне мадэрнізаванай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы вядзення адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю. Плануецца таксама пашырыць магчымасці спецыялізаванага сэрвісу «асабісты кабінет» для карыстальнікаў сістэмы дзяржрэгістрацыі, выкарыстоўваць даныя дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі ў праграмных прадуктах гэтай сістэмы.

Прадугледжана мадэрнізацыя праграмнага забеспячэння публічнай кадастравай карты Беларусі. Гэта работа павінна павялічыць колькасць электронных паслуг дзяржаве, грамадзянам і бізнесу з выкарыстаннем інфраструктуры прасторавых даных.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

БЕЛТА