RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Клічаўскім раёне пошукавікі падымаюць савецкі самалёт часоў вайны

Мастацкі фільм Навума Бірмана па аднайменнай аповесці Уладзіміра Куніна тут ні пры чым. Хаця гісторыя са збітым падчас вайны савецкім самалётам, які рухнуў у балота Клічаўскага раёна побач з пасёлкам Ганчанскі, магла б легчы ў аснову яшчэ адной не менш захапляльнай мастацкай стужкі. Мясцовы жыхар Аляксандр Заблоцкі ўспамінае, што баявая машына спікіравала за 300 метраў ад бабулінага агарода. Так расказваў яму бацька, якому ў 1943-м было ўсяго 15 гадоў. Зараз варонка зарасла хмызняком, зацягнулася мохам, чарнічнікам і папараццю, вакол яе глухой сцяной стаіць лес. І магчыма, самалёт так бы і кануў у невядомасць, калі б не пошукавікі, якім Заблоцкі расказаў усю гэту гісторыю.

Наогул іх было чацвёра - камандзір экіпажа Юрый Кравелец з сяла Палтаўка Омскай вобласці, штурман Уладзімір Нікіфараў з Чаркасаў, што на Кіеўшчыне, паветраны стралок-радыст Аляксей Ганчарэнка з горада Трасцянец Сумской вобласці і паветраны стралок Павел Перасянчук з сяла Паўлаўка Вінніцкай вобласці. На той момант, калі іх самалёт ІЛ-4 трапіў пад нямецкі прыцэл, усім ім было крыху за 20. З чацвярых выжыў толькі Уладзімір Нікіфараў, ён нават прыязджаў у пасёлак пасля вайны, дзесьці ў пачатку
80-х мінулага стагоддзя.

- Мы сядзелі з бацькам на лаўцы каля дома, калі непадалёк прыпыніўся аранжавы «масквіч», - прыгадвае Аляксандр Заблоцкі. - З машыны выйшаў немалады ўжо, але падцягнуты мужчына. Наблізіўся да нас і звярнуўся да бацькі: «Ну што, Валодзя, не пазнаеш? Гэта ж я - лётчык Нікіфараў». Радасці было, словамі не перадаць.

Менавіта тады, ад Нікіфарава, мясцовыя даведаліся прозвішчы лётчыкаў, якіх яны пахавалі на ўскрайку вёскі. Дагэтуль на помніку было імя толькі аднаго члена экіпажа — Аляксея Ганчарэнкі, як потым высветлілася, радыста. Тады, у 43-м, пры спробе выцягнуць баграмі самалёт з балота ў сяльчан атрымалася толькі адарваць некалькі кавалкаў фюзеляжа ды падчапіць кавалак тканіны з дакументам на імя лётчыка.

Штурман наогул выратаваўся цудам. Калі самалёт упаў, немцы кінуліся прачэсваць тэрыторыю. Яны ведалі, што трое лётчыкаў паспрабавалі выратавацца і скочылі з парашутамі. Адзін няўдала прызямліўся і загінуў, другога яны знайшлі і расстралялі,
а вось трэці як скрозь зямлю праваліўся. Знайсці яго пашчасціла мясцоваму жыхару - 15-гадоваму Валодзю Заблоцкаму. Падлетак убачыў, што мужчына прытаіўся на дрэве, і паклікаў яго да сябе дамоў. Сям'я, у якой, дарэчы, выхоўвалася сямёра дзяцей, на свой страх і рызыку амаль месяц хавала савецкага лётчыка ад старонніх вачэй.

- Нікіфараў быў вельмі ўдзячны бацьку за тое, што ён, па сутнасці, выратаваў яму жыццё, - кажа Аляксандр Заблоцкі. - Нават люстру падарыў у знак удзячнасці. Бацька яе ўсё жыццё бярог. А лётчык прыязджаў да нас у госці яшчэ некалькі разоў разам з жонкай і сынам, некаторы час ліставаўся з бацькам. А потым сувязь раптоўна абарвалася.

Сігнал з-пад зямлі

Гісторыя ваеннай даўніны атрымала працяг летась. Пошукавікі правялі візуальны агляд тэрыторыі і зрабілі некалькі цікавых знаходак. Потым «прабілі» інфармацыю па інтэрнэце і ўсё пацвердзілася. Экспедыцыя ў Клічаўскі раён спатрэбілася, каб больш дэталёва вызначыць эпіцэнтр падзення. Дарэчы, летась у тым жа Клічаўскім раёне ўжо паднялі адзін з савецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Гэты ляжыць непадалёк, напрасткі кіламетраў за пяць.

...На пошукі самалёта збіралася як на баявое заданне: гумовыя боты, дажджавік (сіноптыкі абяцалі моцныя дажджы), пальчаткі. Ад Магілёва да месца пошукаў прыкладна 70 кіламетраў спачатку па бабруйскай, а потам па клічаўскай трасе. Усю дарогу, пакуль ехалі, толькі і гаварылі, што пра надвор'е. Неба стрымана маўчала, але намякала, што можа заплакаць у любую хвіліну. І мы спяшаемся, каб паспець. Мы - гэта сем байцоў абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» на чале з яго нязменным кіраўніком Мікалаем Барысенкам, плюс адзін добраахвотнік і я. Мая задача - занатаваць убачанае. Па дарозе заязджаем у сельсавет. Мясцовае кіраўніцтва павінна ведаць, што робіцца на яго тэрыторыі. Перад пачаткам дзеянняў невялічкі інструктаж і роспіс у спецыяльным журнале, што з тэхнікай бяспекі і асаблівасцямі пошукавай работы азнаёмлены. 

Кожны з байцоў прафесіянал сваёй справы. Спецыяльнае абсталяванне, добра натрэніраваная інтуіцыя, веданне тэхнічных асаблівасцяў баявых лятальных машын - усё гэта дапамагае даволі хутка і найбольш дакладна вызначыць месца падзення бамбардзіроўшчыка.

Наш самалёт схаваны пад балотнай тванню і нічым сябе не выдае. Байцы старанна прамацваюць глебу. Прыслухоўваюцца, спрабуючы адрозніць, што там унізе - метал або мацярык. Працуюць віккраўцы самааддана, нягледзячы на тое, што холадна, што пад нагамі хлюпае вада. Яўген Бацанаў наогул уваходзіць у такі азарт, што, здаецца, зараз перакапае ўсё балота адзін. Гляджу на гадзіннік: цікава, на колькі ж яго хопіць. Не паверыце, з невялічкімі адпачынкамі капаў дзве гадзіны. І яго таварышы не менш актыўныя. Ад аднаго віду таго, як яны засоўваюць у ледзяную слізкую жыжу рукі па локаць, па скуры бягуць дрыжыкі. Некаторыя працуюць нават без пальчатак. Бо навобмацак хутчэй адчуеш знаходку. У нашым выпадку іх шмат і ў асноўным дробныя. Інжынер-тэхнік Андрэй зноў спрабуе схапіць «сігнал». На гэты раз ён больш магутны і ўпэўнены. А электроншчык Юрый Кармазін між тым заканчвае свае даследаванні. На яго думку, самалёт знаходзіцца на глыбіні не шасці метраў, як меркавалася, а дзесьці трох-чатырох.

Чым глыбей рыдлёўка ўгрызаецца ў зямлю, тым мацней адчуванні той ужо касмічна далёкай ад нас ваеннай рэчаіснасці. Усё выразнейшым становіцца пах газы, а на паверхні ўсё больш з'яўляецца масляністых плям. Гэта толькі натхняе каманду. Значыць, мы на правільным шляху і не выключана, што знойдзецца той самы член экіпажа, імя якога пакуль афіцыйна значыцца ў спісах зніклых без вестак.

- Самае вялікае задавальненне я атрымліваю, калі знаходжу байца, - дзеліцца падчас адпачынку Яўген Бацанаў. - Сёлета, напрыклад, падчас пошукавай экспедыцыі пад Сідаравічамі пашчасціла натрапіць на чырвонаармейца. Я гэта месца «зачапіў» яшчэ чатыры гады таму. У 1941-м на ўсёй адлегласці ад Магілёва да Быхава былі кропкавыя ўмацаванні нашых байцоў, так яны не давалі магчымасці немцам перапраўляцца цераз раку. І гэтае месца было якраз такім умацаваннем. Баец быў пахаваны непадалёк ад дуба. Знайшоўся і яго медальён. Гэта дапамагло адшукаць дачку салдата, якой сёння каля 80. Бачылі б вы, як яна радавалася, казала, што маці ўсё жыццё чакала бацьку з вайны.

Рэха 43-га

Самалёты - асобная тэма для пошукавікаў. Тут не толькі свае асаблівасці пошуку, але і большая магчымасць высветліць імёны загінулых. Бо нумарныя дэталі самалёта нясуць дадатковую інфармацыю.

- За апошнія два-тры гады я ўдзельнічаў у падняцці трох самалётаў, - удакладняе нешматслоўны Юрый Кармазін. - Гэта ўсё бамбардзіроўшчыкі, якія ляталі без прыкрыцця. Падымем гэты, а на чарзе яшчэ некалькі.

Пакідаць ваенныя самалёты ў зямлі не толькі супярэчыць нашым ўяўленням аб захаванні памяці тых, хто загінуў на вайне, але і элементарным нормам бяспекі. Знаходзяцца ахвотныя да каляровага металу, якія гатовы на ўсё, каб яго здабыць. Дарэчы, па некаторых звестках той самалёт, якім зараз займаюцца пошукавікі, ужо спрабавалі знайсці некаторыя спрытныя грамадзяне. А яны, у адрозненне ад спецыялістаў, капаюць без усялякіх там правілаў тэхнікі бяспекі.

Для гісторыі гэтыя самалёты таксама маюць інтарэс. Вось і цяпер атрымалася знайсці цікавыя рэчы. Кавалкі ад паліўнай апаратуры, малавядомыя дэталі, якія зараз будуць унесены ў банк даных клуба і ў будучыні дапамогуць байцам ідэнтыфікаваць незнаёмы самалёт.

- Гэты бамбардзіроўшчык, дарэчы, з таго ж 17-га гвардзейскага авіяпалка, што і падняты намі летась у Мяжным, - удакладняе Мікалай Барысенка. - Немцы яго збілі 13 кастрычніка, а ў Мяжным - 27 кастрычніка 1943-га. Дарэчы, у гэты дзень на баявое заданне з аэрадрома Адуева Смаленскай вобласці вылецелі сем самалётаў і толькі два з іх вярнуліся. Дзе ляжаць астатнія, невядома. Калі іх збівалі за лініяй фронту і экіпаж цалкам гінуў, месца падзення так і заставалася неўстаноўленым.

На гадзінніку амаль пяць вечара, і неба, якое да апошняй хвіліны трымалася, нарэшце дазволіла праліцца дажджу дробнымі кроплямі. Потым зноў выглянула сонейка. А калі мы ехалі дамоў, збоку ад дарогі, там, далёка за лесам, заззяла рознакаляровая вясёлка. І нехта сказаў: гэта - добры знак.

Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»:

- Пошукавая работа вельмі карпатлівая, амаль 90 % інфармацыі перадаецца ад грамадскасці, а мы яе правяраем, ходзім у разведвальныя экспедыцыі. Гэтым акрамя нас займаецца 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, але зараз там засталося ўсяго 80 чалавек.

Нашаму абласному фарміраванню ўжо 25 гадоў, і такіх, як яно, у Беларусі больш няма. У нас амаль у кожным раёне вобласці ёсць свае атрады. І працуем мы легальна, з дазволамі на ўсіх узроўнях.

Нэлі ЗІГУЛЯ, газета "Звязда"