RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Захаванне тэмпературнага рэжыму на прадпрыемствах правераць тэхнічныя інспектары Федэрацыі прафсаюзаў

Тэхінспектары працы ФПБ рэгулярна праводзяцьманіторынгі за выкананнем заканадаўства аб ахове працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях. У халодную пару года асаблівую ўвагу звяртаюць на захаванне тэмпературнага рэжыму ў вытворчых памяшканнях і цэхах, стан санітарна-бытавых памяшканняў і забеспячэнне работнікаў спецыяльнай вопраткай і абуткам. Праверкі, накіраваныя на выяўленне фактаў парушэння тэмпературных умоў на працоўных месцах, пачнуцца з 1 снежня. Прафсаюзныя рэйдавыя групы правядуць маніторынгі на прадпрыемствах усіх рэгіёнаў.

Акрамя таго, на пастаяннай аснове ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі працуе «гарачая лінія», якая дазваляе аператыўна выяўляць недахопы і парушэнні выканання правіл і норм аховы працы і своечасова прымаць меры па іх ліквідацыі. Любы работнік можа паведаміць аб парушэннях па тэлефоне (8-017) 203-90-48 (з 8.30 да 10.30 і з 15.30 да 17.30). Тэхнічныя інспектары працы гатовыя выехаць на месца і праверыць інфармацыю, якая паступіла на гарачую лінію.

Летась падчас прафсаюзнага маніторынгу за выкананнем тэмпературнага рэжыму на працоўных месцах было выяўлена 1781 парушэнне. Наймальнікам уручана 895 рэкамендацый на іх ліквідацыю. На некаторых прадпрыемствах работнікі не былі забяспечаны ўцепленымі спецвопраткай і абуткам. Не ўсюды ў лакальныя дакументы ўнесены пункты аб дадатковых перапынках. Не абсталяваны не толькі месца для абагравання, але і для прыёму ежы, санітарна-бытавыя памяшканні. Маніторынг закрануў 4 696 прадпрыемстваў.

Варта адзначыць, што на большасці прадпрыемстваў тэмпературны рэжым выконваецца. У калектыўныя дагаворы і правілы ўнутранага распарадку арганізацый уключаны нормы аб прадастаўленні дадатковых рэгламентаваных перапынкаў для абагравання работнікаў у выпадку, калі немагчыма падтрыманне тэмпературнага рэжыму ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі, а таксама пры працах у халодных памяшканнях або на адкрытым паветры зімой. Створаны належныя санітарна-бытавыя ўмовы, абсталяваны пакоі для абагравання і прыёму ежы, маюцца рэсурсы для ацяплення, асобныя арганізацыі набылі цеплагенератары.

Прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў