RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прызначэнне працоўных пенсій па ўзросце ў 2019 годзе

У 2019 годзе права на працоўную пенсію па ўзросце на агульных падставах даецца мужчынам па дасягненні ўзросту 61 год 6 месяцаў, жанчынам – 56 гадоў 6 месяцаў.

Адпаведна на 1 год павялічваецца ўзрост для прызначэння датэрміновых пенсій па ўзросце (за працу з асаблівымі ўмовамі працы, у адпаведнасці з Законамі Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый», «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь») і за выслугу гадоў.

Звяртаем увагу, што ўзрост выхаду на пенсію вызначаецца на дату звароту па прызначэнне пенсіі. Так, калі жанчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1962 г. і мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1957 г., не рэалізавалі права на пенсію па ўзросце ў 2018 годзе, то ў 2019 годзе пенсія ім можа быць прызначана па дасягненні ўзросту адпаведна 56 гадоў 6 месяцаў і 61 год 6 месяцаў.

Для прызначэння у 2019 годзе працоўнай пенсіі па ўзросце, у тым ліку пры няпоўным стажы працы, датэрміновай пенсіі, а таксама пенсіі за выслугу гадоў патрабуецца не менш за 17 гадоў стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні (далей – страхавы стаж).

Страхавы стаж меншай працягласці патрабуецца для прызначэння пенсіі па ўзросце асобным катэгорыям грамадзян:

не менш за 5 гадоў – для прызначэння датэрміновай пенсіі па ўзросце бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства); шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей; інвалідам з дзяцінства; інвалідам вайны; маці вайскоўцаў, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы; ліліпутам і карлікам;

не менш за 10 гадоў – для прызначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах грамадзянам, якія маюць працяглы стаж працы (не менш за 40 гадоў у мужчын і не менш за 35 гадоў у жанчын), а таксама грамадзянам, у якіх маецца не менш за 10 каляндарных гадоў ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях) пры наяўнасці агульнага стажу працы не менш за 25 гадоў у мужчын і не менш за 20 гадоў у жанчын і адсутнасці права на пенсію ў адпаведнасці з заканадаўствам аб пенсійным забеспячэнні вайскоўцаў.

Даведка: згодна з часткай першай артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» ў стаж працы залічваюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

Іншыя перыяды, прадугледжаныя часткай другой артыкула 51 названага Закона, у тым ліку ваеннай службы, атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі ў дзённай форме, догляду дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, інвалідаў 1 групы і асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, атрымання дапамогі па беспрацоўі і інш., у страхавы стаж для вызначэння права на працоўную пенсію не залічваюцца. Дадзеныя перыяды пры наяўнасці права на працоўную пенсію ўключаюцца ў стаж працы для вылічэння памеру працоўнай пенсіі.

Асобам, якія рэалізуюць права на пенсію ў 2019 годзе, заробак для вылічэння пенсіі вызначаецца за апошнія 25 гадоў запар стажу працы, але не больш чым за фактычна існуючы стаж.

Даведачна: звесткі аб заработнай плаце да 1 студзеня 2003 года пацвярджаюцца даведкай аб памеры заробку, якая выдаецца працадаўцам (яго правапераемнікам), архівам на падставе змешчаных на захоўванні дакументаў бухгалтарскага ўліку. За перыяды працы пасля 1 студзеня 2003 года памер заробку пацвярджаецца выпіскай з індывідуальнага асабовага рахунку застрахаванай асобы, якая выдаецца раённымі аддзеламі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Грамадзянам, якія не маюць права на працоўную пенсію па ўзросце, можа быць прызначаная сацыяльная пенсія па дасягненні ўзросту мужчынамі – 65 гадоў, жанчынамі – 60 гадоў.