RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Папярэджанне заморных з’яў на вадаёмах Магілёўскай вобласці

Рыбы, як і іншыя жывёлы, не могуць жыць без кіслароду. Узбагачэнне вады кіслародам адбываецца двума шляхамі: з навакольнага паветра – дзякуючы ветру і дажджу, а таксама за кошт жыццядзейнасці водных раслін, багавіння. У выніку недахопу або адсутнасці ў вадзе кіслароду, можа наступіць замор рыбы. Найбольш адчувальныя да недахопу кіслароду ёрш, судак, акунь.

У залежнасці ад сезоннасці і часу ўзнікнення адрозніваюць тры віды замору рыб: зімовыя, летнія і начныя.

Зімовыя заморы назіраюцца як у выніку поўнага спынення паступлення кіслароду з паветра, так і рэзкага абмежавання жыццядзейнасці раслін пад лёдам. Устанаўленне трывалага лядовага покрыва і немагчымасць кантакту вады з паветрам (газаабмену) з’яўляецца асноўным фактарам, які можа паслужыць прычынай узнікнення замору. Зімовы замор узнікае ў межах кожнага асобнага вадаёма не паўсюдна, а на асобных участках, плошчы якіх змяняюцца з году ў год. Вельмі часта менавіта зімой можна ўбачыць, як у палонках накапліваецца рыба, якая прагна хапае ротам паветра. Прадвеснікамі замору з’яўляюцца жукі-плавунцы і іншыя казуркі, якія збіраюцца ў палонках.

Улетку заморныя з’явы ў асноўным характэрны для малых рэк у дажджлівыя перыяды, калі ў вадацёкі паступае вялікая колькасць ўзважаных рэчываў арганічнага паходжання ў выніку змыву з тэрыторыі вадазбору глебавых часціц і раслінных рэшткаў, якія, акісляючыся, спажываюць значную колькасць растворанага ў вадзе кіслароду.

На тэрыторыі нашай вобласці маецца 648 вадаёмаў агульнай плошчай 9 232 га (з іх каля 80 вадаёмаў знаходзіцца ў арэндзе пад рыбаводства, 3 вадаёмы – у арэндзе пад прамысловае і платнае аматарскае рыбалоўства, астатнія вадаёмы складаюць фонд запасу рыбалоўных угоддзяў).

Аблкамітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго гаррайінспекцыямі праводзіцца рэгулярны маніторынг водных аб’ектаў, якія ўваходзяць у фонд запасу рыбалоўных угоддзяў, схільных да летніх або зімовых замораў. Для папярэджання заморных з’яў на такіх аб’ектах па заяўках аблкамітэта Магілёўскай абласной і Бабруйскай міжраённай лабараторыямі аналітычнага кантролю ажыццяўляецца штосезонны гідрахімічны аналіз пробаў вады.

Нагадваем, што ў адпаведнасці з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2005 № 580 «Аб некаторых мерах па павышэнні эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці, удасканаленні дзяржаўнага кіравання імі» мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы або спецыяльна ўпаўнаважаныя імі юрыдычныя асобы за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў ажыццяўляюць мерапрыемствы па папярэджанні заморных з’яў і ліквідацыі іх наступстваў.

Таксама арандатары (карыстальнікі) рыбалоўных угоддзяў абавязаны ажыццяўляць аналагічныя мерапрыемствы на перададзеных ім у арэнду вадаёмах.

У выпадку ўзнікнення ў рыбалоўных угоддзях перадзаморных або заморных з’яў, пацверджаных данымі гідрахімічных даследаванняў, праведзеных атэставанымі лабараторыямі, а таксама масавых эпізаатый рыбы, пацверджаных органамі нагляду ў галіне ветэрынарыі, парадак і ўмовы ажыццяўлення лоўлі рыбы на такіх вадаёмах і вадацёках вызначаюцца раённымі выканаўчымі камітэтамі па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і міжраённымі інспекцыямі аховы жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, згодна з Палажэннем аб парадку прадастаўлення паверхневых водных аб’ектаў у арэнду для рыбаводства, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 25.04.2015 № 333 і заключаемых у адпаведнасці з дадзеным Палажэннем дагаворах, арандатары паверхневых водных аб’ектаў абавязаны выконваць заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод, ахове навакольнага асяроддзя, ажыццяўляць улік дадзеных аб гідрахімічных даследаваннях вадаёма, у тым ліку ажыццяўляць мерапрыемствы па прадухіленні заморных з’яў і ліквідацыі іх наступстваў.

Пры зніжэнні канцэнтрацыі кіслароду ў вадзе менш за 4 мг/л зімой рэкамендуецца ўладкаваць палонкі (памерам 2х2 м, па адной на 3-5 га), наладзіць расчыстку лядовага поля ад снегу (да 30% плошчы). Рыбаловы-аматары, якія бываюць на вадаёмах, могуць дапамагчы зімуючай рыбе: некалькі прасечаных лунак – гэта дадатковая колькасць кіслароду ў вадзе. Для прадухілення замярзання палонак неабходна ў іх устанавіць снапы, зробленыя з чароту, мячэўніка і іншых полых раслін, якія «дыхаюць».

Эфектыўнай мерай прадухілення заморных з’яў рыб у вадаёмах і вадацёках, схільных да заморных з’яў, з’яўляецца аэрацыя вадаёмаў (паветраная або механічная) з дапамогай аэратараў рознага тыпу, а таксама ўнясенне вапны. Вапнаванне спрыяе раскладанню і паскарэнню мінералізацыі арганічнага рэчыва, паляпшае газавы рэжым, нейтралізуе кіслую рэакцыю вады.

З мэтай аператыўнага рэагавання і прадухілення масавай гібелі рыбы Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя звяртаецца да жыхароў вобласці, асабліва аматараў рыбалкі, з просьбай паведамляць у аблкамітэт аб заморных з’явах або нетыповых паводзінах рыбы на вадаёмах вобласці па тэлефонах (8-0222) 64-79-01 (прыёмная, дзяжурны ў выходны дзень) і (або) 64-78-33 (аддзел аблкамітэта).

Старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М. Л. Дзядкоў