RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі праходзіць акцыя «Адзіны дзень бяспекі»

У Беларусі праходзіць акцыя «Адзіны дзень бяспекі». Яна працягнецца па 1 сакавіка. У гэтыя дні адбудуцца мэтанакіраваныя прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама навучанне паводзінам ва ўмовах пажараў, аварый, аказанні першай медыцынскай дапамогі.

У перыяд правядзення акцыі адбудуцца вучэнні і трэніроўкі па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару на выбуха-, пажара-, хімічнанебяспечных аб’ектах, аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей. Запланаваны праверкі сістэмы апавяшчэння, у тым ліку праз SMS, трансляцыя паведамленняў ад МНС у тэле- і радыёэфіры. Розныя ўстановы адпрацуюць бяспечнае правядзенне эвакуацыі з будынкаў.

У межах «Адзінага дня бяспекі» будуць арганізаваны квэсты «Формула бяспекі», інтэлектуальныя гульні «Бяспечны сусед», навучальныя пляцоўкі «Пяць крокаў выратавання», пройдуць конкурсы на самую лепшую творчую працу, прысвечаную пытанням бяспечнай жыццядзейнасці, тэматычныя канцэртныя праграмы і тэатралізаваныя паказы. У структурных падраздзяленнях розных ведамстваў пройдуць дні адчыненых дзвярэй.

Акрамя органаў дзяржаўнага кіравання (Генпракуратура, МНС, МУС, Мінэнерга, Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі, Мінпрацы і сацабароны, Мінжылкамгас, Мінкультуры) і мясцовых органаў улады, удзел у акцыі прымуць розныя арганізацыі і грамадскія аб’яднанні: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, РДГА «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства», Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, РДГА «АСВОД», РГА «Белая Русь» і ГА «БРСМ».

Задачы «Адзінага дня бяспекі» – фарміраванне сумеснымі намаганнямі ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем. Мяркуецца, што «Адзіны дзень бяспекі» будзе праходзіць у краіне двойчы на год: у лютым і верасні.

СІГНАЛ «УВАГА ЎСІМ!»

Праблема абароны насельніцтва ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі заслугоўвае асаблівай увагі. Надзвычайная сітуацыя – гэта заўсёды рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей. Важным пытаннем з’яўляецца апавяшчэнне насельніцтва пра небяспеку.

Сёння для абвесткі насельніцтва выкарыстоўваюць сірэны, вулічныя гучнагаварыцелі, сродкі масавай інфармацыі і СМС-паведамленні. Аднак асноўным сродкам абвесткі насельніцтва з’яўляюцца электрычныя сірэны.

Нагадаем, што сігнал сірэны азначае «Увага ўсім!» Пачуўшы дадзены сігнал, неабходна неадкладна ўключыць усе наяўныя сродкі радыё- і тэлекамунікацый, уважліва праслухаць экстранае паведамленне аб сітуацыі, абстаноўцы і парадку дзеянняў, пры магчымасці трымаць усе названыя сродкі ўключанымі на працягу ўсяго перыяду ліквідацыі аварыі, катастрофы або стыхійнага бедства.

Дадзены гукавы сігнал падаецца з дапамогай сірэн, гудкоў і іншых гукавых сродкаў абвесткі, устаноўленых у населеных пунктах і на прадпрыемствах у мэтах прыцягнення ўвагі персаналу прадпрыемстваў і насельніцтва.

МНС рэкамендуе жыхарам вобласці ўсталяваць у сваім домаўладанні, кватэры радыёпрымальнік УКХ (FM) дыяпазону, паколькі бесправадное радыё ў сучасным свеце з’яўляецца асноўнай крыніцай атрымання інфармацыі аб дзеяннях пры сігналах грамадзянскай абароны і магчымых надзвычайных сітуацыях.

Таксама інфармуем аб тым, што пры пагрозе ўзнікнення (узнікненні) надзвычайнай сітуацыі неабходна паведаміць па тэлефонах 101 і 112.