RU BY EN 中文
Twitter Instagram

75 гадоў таму пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

75 гадоў таму, 23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі – раённы цэнтр Камарын Палескай (цяпер Гомельскай) вобласці. З гэтага дня пачаўся доўгі і цяжкі шлях выгнання акупантаў з беларускай зямлі.

26 жніўня–30 верасня 1943 года праходзіла Чарнігаўска-Прыпяцкая наступальная аперацыя савецкіх войскаў Цэнтральнага фронту, якая стала найбуйнейшым поспехам першага этапу бітвы за Днепр. Падчас правядзення аперацыі прасоўванне войскаў К. К. Ракасоўскага склала да 300-320 км за 30 дзён, такія высокія і стабільныя тэмпы савецкага наступленняпоўнасцю ашаламілі праціўніка.

Першымі выйшлі да Дняпра войскі 13-й арміі генерал-лейтэнанта М. П. Пухава. Раніцай 23 верасня 1943 года пад покрывам туману Днепр пачалі фарсіраваць штурмавыя батальёны 360-га стралковага палка падпалкоўніка Мікалая Сташака. З правага берага немцы вялі бесперапынны агонь з кулямётаў і гармат, але салдаты на лодках і плытах, на падручных сродках і ўплаў пераплылі Днепр і з ходу ўступілі ў сутычку з ворагам. Бой доўжыўся больш за суткі. Вось што ўспамінаў аб гэтых падзеях камандзір палка Сташак: «Я пакінуў адзін батальён для лжывай дэманстрацыі фарсіравання Дняпра на поўнач ад г. п. Камарына, а галоўныя сілы палка з нададзенымі падраздзяленнямі скрытнаперакінуў за 3-4 км на поўдзень ад Камарына. ...У выніку імклівага ўдару да двух пяхотных батальёнаў праціўніка, якія абаранялі Камарын і чыгуначны мост, былі разгромленыя. Іх рэшткі паспешна сталі адыходзіць асобнымі групамі ў паўночна-заходнім напрамку».

У вызваленні Камарына ўдзельнічалі перадавыя часткі 13-й арміі (генерал-лейтэнант М. П.Пухаў) Цэнтральнага фронту, 8-я (палкоўнік П. А. Гудзь) і 74-я (генерал-маёр А. А. Казаран) стралковыя дывізіі 15-га стралковага корпуса (генерал-маёр І. І. Люднікаў), 129-я асобная танкавая брыгада (палкоўнік М. В.Пятрушын), партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава (камандзір С. І.Філіпенка).

Больш за 20 чалавек, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, было прадстаўлена да звання Героя Савецкага Саюза. Сярод іх быў і падпалкоўнік Мікалай Сташак. У Камарыне ў брацкай магіле савецкіх воінаў пахавана 627 чалавек, з іх 6 Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні Камарына і суседніх вёсак. На магіле пастаўлены помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.

БЕЛТА