RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У ФСАН растлумачылі, ад чаго залежыць памер пенсій і якія змены ўнесены ў сістэму ўліку грамадзян

Кіраўнік Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала аб зменах у сістэме персаніфікаванага ўліку грамадзян і аб тым, што ўплывае на памер працоўных пенсій беларусаў.

«У рэспубліцы дзейнічае салідарная сістэма дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, галоўным прынцыпам якой з’яўляецца ўзаемадапамога пакаленняў. Яго можна сфармуляваць так: пакуль мы працуем, плацім пенсіі людзям старэйшага ўзросту, калі працаваць не зможам, іншае пакаленне будзе плаціць пенсіі нам», – патлумачыла Наталля Паўлючэнка.

Разам з тым такі падыход не азначае, што памер пенсій не залежыць ад працоўнай актыўнасці. На яго ўплываюць два фактары – працягласць дзейнасці і частка заробку, якая адлічваецца ў фонд. Так, у 2019 годзе для прызначэння працоўнай пенсіі неабходна мець 17 гадоў працоўнага (страхавога) стажу з выплатай узносаў і агульнага працоўнага стажу 20 гадоў для жанчын і 25 гадоў для мужчын. Штогод патрабаванні да страхавога стажу павялічваюцца на паўгода, да 2025 года яго працягласць складзе 20 гадоў.

«Што тычыцца памеру пенсій, то калі на працягу ўсяго страхавога стажу рабіць адлічэнні з мінімальнай заработнай платы, то і пенсія па дасягненні пенсійнага ўзросту будзе прызначаная мінімальная – Br216,71», – сказала Наталля Паўлючэнка.

У выпадку, калі пры дасягненні пенсійнага ўзросту страхавы стаж не сфарміраваны, сацыяльная пенсія (на сённяшні дзень яна складае Br108,45) прызначаецца мужчынам з 65 гадоў, жанчынам – з 60 гадоў. «Трэба фарміраваць свае пенсійныя правы ўжо сёння. На дзяржаўным узроўні для гэтага ствараюцца механізмы, у тым ліку ў канцы мінулага года прыняты ўказ №500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні», які дае права фізічным асобам, якія ажыццяўляюць непрадпрымальніцкую дзейнасць, рабіць унёскі ў фонд на добраахвотнай аснове», –зазначыла Наталля Паўлючэнка.

Яна нагадала, што з 2003 года ў Рэспубліцы ўведзена сістэма персаніфікаванага ўліку грамадзян, якая дазволіла спрасціць складаны тэхналагічны ланцуг ад прызначэння да выплат пенсій на стадыі збору дакументаў, якія пацвярджаюць звесткі аб перыядах працоўнага стажу і заробку. На кожнага грамадзяніна адкрываецца індывідуальны асабовы рахунак, па якім назапашваецца інфармацыя. Работніку выдаецца дзяржаўнае сведчанне сацыяльнага страхавання, так званая зялёная карта.

Такіх рахункаў у Беларусі налічваецца каля 7,7 млн, па 4,8 млн з іх папаўняюцца звесткі. Штогод адкрываецца каля 120 тыс. новых індывідуальных асабовых рахункаў, у тым ліку 81 тыс. афармляецца на маладых людзей ва ўзросце 14-20 гадоў. З 4,8 млн асабовых рахункаў 4,2 млн заведзены на тых, хто працуе толькі па толькі дагаворах. Па грамадзянска-прававых дагаворах застрахавана 200 тыс.асоб, яшчэ 400 тыс. – тыя, хто самастойна выплачвае ўзносы (ІП, натарыусы, адвакаты і іншыя фізічныя асобы, а таксама работнікі са змешанай формай працоўнай дзейнасці).

Паводле слоў Наталлі Паўлючэнка, у гэтым годзе ўнесены змены ў правілы персаніфікаванага ўліку. Так, калі раней работадаўцы падавалі індывідуальныя звесткі аб работніках з адлюстраваннем зарплаты і выплаты ўзносаў адзін раз на год, цяпер (па пастанове Савета Міністраў ад 9 жніўня 2018 года №589) штоквартальна. Такім чынам зведзены да мінімуму сітуацыі, калі наймальнік не падае звесткі ў сувязі са спыненнем дзейнасці арганізацыі.

Таксама некалькі зрушыліся тэрміны прадастаўлення даных, пашырана форма персаніфікаванага ўліку, якая характарызуе працоўную дзейнасць. У пералік звестак, акрамя даты прыёму на працу і звальнення, работы па сумяшчальніцтве, уключана інфармацыя аб прафесіі, пасадзе работніка, відах працоўнага дагавора, даце і нумары загада аб прыёме на працу, пераводзе на іншую пастаянную працу, прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі, звальненні з працы, падставе звальнення. Змены ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2019 года.

«Гэта дасць магчымасць больш дэталёва вывучыць рынак працы, праводзіць маніторынг працоўных рэсурсаў, прагназаваць патрэбу ў кадрах. У будучыні яна стане асновай электроннага ўліку працоўнай дзейнасці», – дадала Наталля Паўлючэнка.

БЕЛТА