RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларусі ўнесены змяненні ў заканадаўства аб сацстрахаванні

У Беларусі ўнесены змяненні ў нарматыўныя прававыя акты па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 22 сакавіка 2019 года нумар 187 апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, дакумент прыводзіць асобныя нормы заканадаўства ў адпаведнасць з указам нумар 500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні». У прыватнасці, размова ідзе аб Палажэнні аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, зацверджаным пастановай Саўміна ад 28 чэрвеня 2013 года нумар 569.

«Індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам і адвакатам прадастаўлена права не выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы за перыяды неажыццяўлення дзейнасці ў справаздачным годзе. У сувязі з гэтым права на дапамогі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах для іх увязана з працягласцю перыяду, за які выплачаны ўзносы», - растлумачылі ў міністэрстве.

Гэта значыць ІП могуць атрымаць дапамогі ў бягучым каляндарным годзе, калі ўзносы за справаздачны год выплачаны не менш як за 183 каляндарныя дні альбо за ўвесь перыяд з дня пастаноўкі. Калі выпадкі часовай непрацаздольнасці, цяжарнасць і роды насталі ў год пастаноўкі на ўлік у якасці плацельшчыкаў узносаў, дапамогі назначаюцца пры ўмове, калі да гэтага імі выплачаны ўзносы не менш як за 30 каляндарных дзён.

Пры вызначэнні сярэднядзённага даходу для вылічэння дапамог індывідуальным прадпрымальнікам перыяды неажыццяўлення дзейнасці, за якія не выплачаны ўзносы, будуць выключацца з ліку дзён справаздачнага года, на падставе прадстаўленых дакументаў персаніфікаванага ўліку.

Дапамогі індывідуальным прадпрымальнікам (акрамя тых, якія сталі на ўлік у бягучым годзе) немагчыма назначыць без дакументаў персаніфікаванага ўліку аб сумах выплачаных узносаў і перыядах ажыццяўлення дзейнасці за справаздачны год. У сувязі з гэтым для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прадставілі лісток непрацаздольнасці да падачы дакументаў персаніфікаванага ўліку за справаздачны год, днём звароту за дапамогамі лічыцца дзень прадстаўлення не лістка непрацаздольнасці, а названых дакументаў.

Таксама ўнесены змяненні ў Правілы індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку застрахаваных асоб у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў ад 8 ліпеня 1997 года нумар 837. Так, фізічныя асобы, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, запаўняюць індывідуальныя звесткі па форме ПУ-3 на падставе выплачаных абавязковых страхавых узносаў і перыядаў неажыццяўлення дзейнасці.

У міністэрстве нагадалі, што да катэгорый фізічных асоб, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, належаць індывідуальныя прадпрымальнікі, натарыусы, адвакаты, рамеснікі, фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аграэкатурызму, творчыя работнікі, грамадзяне, якія працуюць за межамі краіны, грамадзяне, якія працуюць у прадстаўніцтвах міжнародных арганізацый у Беларусі, дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах замежных дзяржаў, грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія працуюць у рэспубліцы, удзельнічаюць у рэалізацыі праграм і праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза, самазанятыя асобы.

Работнікі органаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пры ўмове адсутнасці запазычанасці па выплаце абавязковых страхавых узносаў могуць запаўняць, прадстаўляць і падпісваць сваім электронным лічбавым подпісам індывідуальныя звесткі па форме ПУ-3 па фізічных асобах, якія самайстойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы. У такіх выпадках сума выплачаных абавязковых страхавых узносаў запаўняецца ў індывідуальных звестках па форме ПУ-3 прапарцыянальна месяцам ажыццяўлення дзейнасці.

Акрамя таго, індывідуальныя звесткі па форме ПУ-3 запаўняюцца работнікам органа фонду і падпісваюцца яго электронным лічбавым подпісам па фізічных асобах: якія аднаўляюць парушаныя пенсійныя правы за кошт казны Рэспублікі Беларусь, казны адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі; якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, у выпадку смерці (сума выплачаных абавязковых страхавых узносаў запаўняецца ў індывідуальныя звесткі па форме ПУ-3 прапарцыянальна месяцам ажыццяўлення дзейнасці).

З 1 ліпеня 2019 года ў звестках аб прыёме і звальненні па форме ПУ-2 работадаўцам абавязкова запаўняць графу «Код работы па сумяшчальніцтве» (калі застрахаваная асоба з'яўляецца знешнім сумяшчальнікам, у графе пазначаецца «1», калі не з'яўляецца знешнім сумяшчальнікам, - «0»).

Таксама абноўлена Палажэнне аб парадку пастаноўкі на ўлік і зняцця з уліку плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, зацверджанае пастановай Савета Міністраў ад 10 ліпеня 2009 года нумар 917. У прыватнасці, пастановай вызначаны парадак пастаноўкі на ўлік і зняцця з уліку новых катэгорый плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, а менавіта фізічных асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць, што не належыць да прадпрымальніцкай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі (самазанятыя асобы) і замежных арганізацый, дзейнасць якіх прызнаецца дзейнасцю праз пастаяннае прадстаўніцтва.

Таксама ўнесены ўдакладняльныя карэкціроўкі з улікам правапрымяняльнай практыкі.

БЕЛТА