RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вываз тавараў за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС

Збіраючыся ў паездку, плануеце ўзяць з сабой дарагія ноўтбук, відэакамеру, фотаапарат? Турбуецеся, каб пры вяртанні не было праблем на мяжы?

Мытнікі рэкамендуюць задэклараваць такія тавары, каб у далейшым іх не аднеслі да набытых за мяжой. Пры выездзе за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС неабходна запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю ў двух экзэмплярах, паказаўшы звесткі аб таварах, якія дазваляюць іх ідэнтыфікаваць (марку, мадэль, серыйныя нумары). Мытную дэкларацыю можна запоўніць як перад паездкай у электронным варыянце (на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь www.customs.gov.by у раздзеле «Папярэдняе электроннае прадстаўленне звестак фізічнымі асобамі»), так і ў пункце пропуску праз мытную мяжу. Пры вяртанні прад’явіць мытнаму органу вышэйназваную дэкларацыю і перасячы мяжу без лішніх пытанняў.

Аднак нават без запоўненай пры вывазе дэкларацыі адсутнасць такой ідэнтыфікацыі не перашкаджае зваротнаму ўвозу на мытную тэрыторыю ЕАЭС фізічнымі асобамі тавараў для асабістага карыстання без выплаты мытных пошлін, падаткаў пры ўмове дакументальнага пацверджання дакладнасці таго, што гэтыя тавары ўвозяцца на мытную тэрыторыю ЕАЭС назад пасля іх вывазу з мытнай тэрыторыі. Да дакументаў, якія сведчаць аб факце вытворчасці або набыцця тавараў на тэрыторыі дзяржаў – членаў ЕАЭС, могуць адносіцца такія дакументы, як пашпарт вырабу, гарантыйны талон, чэк, дагавор куплі-продажу і іншыя дакументы і звесткі, вызначаныя Пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 24.03.2016 № 8.

Таксама хацелася б звярнуць увагу на выпадак, калі вывозіцца тавар для рамонту (у тым ліку набыты раней за межамі мытнай тэрыторыі ЕАЭС). У гэтым выпадку яго неабходна змясціць пад мытную працэдуру перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыяй. Для гэтага можна скарыстацца паслугамі мытнага прадстаўніка. Азнаёміцца са спісам мытных прадстаўнікоў можна таксама на афіцыйным сайце www.customs.gov.by. У адваротным выпадку ваш тавар пры вяртанні з рамонту будзе разглядацца як замежны і абкладацца па дзеючых стаўках.

Паводле матэрыялаў Магілёўскай мытні