RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Што трэба ведаць аб правілах паркоўкі аўтамабіля

Веданне правілаў паркоўкі аўтамабіля – асноўная ўмова, неабходная для камфортнага карыстання машынай. Аўтаўладальнікаў з кожным днём усё больш, у сувязі з гэтым больш праблем з паркоўкай і стаянкай транспарту ў дварах: значная колькасць грамадзян пакідае свае машыны на ноч менавіта ў дваровых тэрыторыях. Гэта стварае нязручнасці іншым грамадзянам, машынам камунальных службаў, ствараюцца заторавыя сітуацыі, якія замінаюць праезду машын аператыўнага прызначэння.

Вось менавіта таму неабходна захоўваць усе прадпісаныя правілы.

Прыпынак і стаянка транспартных сродкаў забараняецца на праездах у дварах з боку, прылеглага да жылой забудовы, у месцах, дзе транспартны сродак створыць перашкоду для руху, працы транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння і транспартных сродкаў дарожна-камунальных службаў. Гэта ўезды ў двары і выезды з іх, праезды ў арках, вузкія мясцовыя праезды, месцы размяшчэння кантэйнераў для збору бытавых адходаў і інш.

Асобным і вельмі важным праблемным пытаннем застаецца праезд у двары дамоў аўтамабіляў аператыўнага прызначэння: машын хуткай медыцынскай дапамогі, пажарнай, газавай службы, а таксама іншага спецыяльнага транспарту.

Паважаныя аўтаўладальнікі! Задумайцеся хоць бы на адну хвіліну, як важна бывае прыбыць спецыялістам у тое самае месца, дзе палыхае агонь ці неабходна дапамога дзіцяці або пажылому чалавеку... Месца, дзе дапамога патрэбна «тут і цяпер», без прамаруджання, без разглядаў, чаму той ці іншы аўтамабіль стаіць хай нават без парушэння, але перашкаджае праезду. Проста памятайце, што мы ўсе людзі... І кожны з нас можа апынуцца ў такім становішчы, калі гэта дапамога патрэбна менавіта цяпер, а не потым.

Праблема паркоўкі не траціць сваёй актуальнасці. Каб вырашыць праблему з няправільнай паркоўкай легкавых аўтамабіляў, а таксама нелегальнай стаянкай грузавых аўтамабіляў, інспектары ДАІ рэгулярна праводзяць мерапрыемствы па кантролі размяшчэння транспартных сродкаў на вулічна-дарожнай сетцы.

Варта нагадаць, што прыпынак і стаянка транспартных сродкаў з парушэннем ПДР цягне штраф у памеры 1 базавай велічыні (ч. 1 артыкула 18.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях). Паўторнае такое парушэнне на працягу года або неправамерная стаянка транспартнага сродку на месцы, адведзеным для стаянкі транспарту інвалідаў, пагражаюць штрафам у 2 базавых (ч. 2 арт. 18.22 КаАП).

За парушэнні правілаў прыпынку і стаянкі грузавога транспарту прадугледжаны штраф у памеры 5 базавых велічынь (ч. 3 арт. 18.22 КаАП), а ў выпадку паўторнага парушэння на працягу года – 10 базавых велічынь (ч. 4 арт. 18.22 КаАП).

Акрамя штрафу, кіроўцу, які парушыў правілы паркоўкі, можа чакаць і эвакуацыя аўтамабіля на штрафстаянку. Таму, паркуючыся ў тых ці іншых месцах, звяртайце ўвагу на дарожныя знакі і знакі дадатковай інфармацыі (таблічкі). Ігнараванне знакаў і дарожнай разметкі, якая забараняе паркоўку, стаянку, прыпынак, можа прывесці да таго, што ваша аўто павязе эвакуатар. У выніку вам давядзецца заплаціць не толькі штраф за няправільную паркоўку, але і за паслугі эвакуатара, а таксама за захоўванне вашага аўто на штрафстаянцы.

І памятайце: каб не аплачваць штрафы і не стаць сведкам таго, як ваш аўтамабіль вязуць на эвакуатары, трэба строга прытрымлівацца правілаў паркоўкі транспартных сродкаў.

Аддзяленне па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама