RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Інструкцыя аб парадку звароту па пенсію, яе прызначэнне і выплату зацверджана ў Беларусі

З 4 жніўня ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 8 ліпеня 2019 года №35 «Аб парадку звароту па пенсію і арганізацыі працы і вядзення справаводства па прызначэнні і выплаце пенсій», якой зацверджана адпаведная інструкцыя, паведамілі ў Мінпрацы.

Інструкцыяй комплексна рэгулююцца арганізацыйна-тэхнічныя праваадносіны ў галіне пенсійнага забеспячэння, пачынаючы са звароту па пенсію, прыёму і разгляду органамі, якія ажыццяўляюць пенсійнае забеспячэнне, дакументаў для прызначэння і выплаты пенсій, прыняцця прававога рашэння і заканчваючы спыненнем выплаты пенсіі, перадачай пенсійнай справы ў архіў.

«Да ўступлення ў сілу інструкцыі гэтыя пытанні рэгуляваліся Палажэннем аб парадку прадастаўлення і афармлення дакументаў для прызначэння пенсій у адпаведнасці з законам «Аб пенсійным забеспячэнні» і Інструкцыяй аб парадку афармлення і вядзення спраў па прызначэнні дзяржаўных пенсій.

Па сваёй сутнасці новая інструкцыя – гэта дакумент, які дэталёва рэгламентуе парадак арганізацыі работы па пенсійным забеспячэнні», – патлумачылі ў міністэрстве.

У частцы звароту па пенсіюў інструкцыі знайшло адлюстраваннепалажэнне арт. 75 закона «Аб пенсійным забеспячэнні». Агульны падыход – падача заявы і дакументаў, неабходных для прызначэння пенсіі, ва ўпраўленне па месцы жыхарства грамадзяніна: працоўнымі грамадзянамі – праз працадаўцу, непрацоўнымі– непасрэдна імі самімі. У дачыненні да асобных катэгорый грамадзян (непаўналетніх, недзеяздольных), якія не могуць самі звярнуцца па пенсію, заява і дакументы падаюцца іх упаўнаважаным прадстаўніком ва ўпраўленне па месцы жыхарства/месца знаходжання. Звярнуцца па прызначэнне пенсіі можна ў любы час пасля ўзнікнення права на пенсію без абмежавання якім-небудзь тэрмінам.

У інструкцыі агаворана правіла: калі прадугледжаны заканадаўствам тэрмін звароту супаў з выхаднымі днямі ці дзяржаўнымі святамі і святочнымі днямі, устаноўленымі і абвешчанымі Прэзідэнтам непрацоўнымі, заява аб прызначэнні пенсіі можа быць прынята напярэдадні гэтых дзён. Пры гэтым улічваецца, што ўмова дасягнення пэўнага ўзросту лічыцца выкананай у дзень, які адпавядае даце нараджэння.

Актуалізаваная форма заявы аб назначэнні пенсіі. У заяве адлюстроўваюцца дадзеныя аб асобе, якая звярнулася па пенсію асабіста, або аб яе прадстаўніку, паказваецца абраны спосаб атрымання пенсіі, звесткі, якія могуць паўплываць на пенсійнае забеспячэнне (аб працы, атрыманні пенсіі, праходжанні службы, дзецях і да т.п.), падрабязны пералік абставінаў, пра надыход якіх заяўнік абавязаны паведаміць у орган, які ажыццяўляе пенсійнае забеспячэнне.

Дакументы, неабходныя для прызначэння пенсій, аб’яднаны ў асобны, спрошчаны пералік, які выключае дубляванне адных і тых жа дакументаў у дачыненні да розных відаў пенсій.

У інструкцыі паслядоўна і пакрокава прапісаны алгарытм дзеянняў работніка органа, які ажыццяўляе пенсійнае забеспячэнне, як на этапе прыёму дакументаў, так і пры іх разглядзе.

Таксама дакументам рэгламентаваны пытанні, якія тычацца вядзення справаводства, захоўвання дзеючых пенсійных спраў (у тым ліку пры выездзе пенсіянера на жыхарства за межы Беларусі, пры змене пенсіянерам месца жыхарства ў межах рэспублікі), захоўвання архіўных і адмоўных пенсійных спраў, журналаў рэгістрацыі, парадку адбору дакументаў да знішчэння і іншыя.

БЕЛТА