RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анлайн-рэсурс аб якасці тавараў і паслуг створаны ў Беларусі

У Беларусі створаны інтэрнэт-рэсурс аб якасці тавараў і паслуг «Якасць.бел», як паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

«Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі фарміруе інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс «Якасць.бел», які прадастаўляе карыстальнікам сістэматызаваную інфармацыю аб прадукцыі і паслугах Беларусі. Рэсурс ствараецца на аснове дзяржаўнай сістэмы каталагізацыі прадукцыі і будзе запатрабаваны пры правядзенні маркетынгавых даследаванняў, закупак, прасоўванні бяспечных і якасных прадукцыі і паслуг», – расказалі ў прэс-службе.

На партале некалькі тэматычных раздзелаў, сярод якіх «Натуральны прадукт»,«Конкурсы ў галіне якасці»,«Рэестр небяспечнай прадукцыі»,«Дакументы аб ацэнцы адпаведнасці».

У Дзяржстандарце лічаць, што карысным як для спажыўцоў, так і арганізацый гандлю з’яўляецца рэсурс «Небяспечная прадукцыя». Інфармацыя з яго дазволіць пазбегнуць пакупкі тавараў, якія не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў МС (Мытнага саюза).

«Мы разумеем, што трэба надаваць вялікую ўвагу інфармаванню спажыўцоў. Таму Дзяржстандарт вырашыў стварыць Інтэграваны Рэсурс “Якасць.бел». Дзяржорганы ў сваёй працы назапашваюць вялікую колькасць спецыялізаваных інфармацыйных рэсурсаў–рэестраў, рэгістраў, каталогаў. Яны ў першую чаргу накіраваны на рашэнне профільных задач і абывацелю не заўсёды зразумелыя. Каб наблізіць гэтыя рэсурсы да спажыўца, было вырашана зрабіць на іх падставе зразумелыя тэматычныя зборнікі. На «Якасць.бел» мы спрабуем аб’яднаць усю інфармацыю аб прадукцыі», – пракаментаваў дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Аляксандр Скуратаў.

На працягу гэтага года партал будзе дапаўняцца новымі функцыямі і кампанентамі.