RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новае аб прадаўжэнні тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 1 красавіка 2020 г. № 192/6 «Аб правядзенні знешнегандлёвых аперацый і адкрыцці рахункаў у банках-нерэзідэнтах» (далей – пастанова № 192/6) знешнегандлёвыя аперацыі, тэрміны завяршэння якіх прыпадаюць на перыяд з 1 красавіка па 30 чэрвеня 2020 г., падаўжаюцца на 100 каляндарных дзён. Падаўжэнне названых вышэй тэрмінаў не патрабуе ад суб’ектаў гаспадарання накіравання ў Нацыянальны банк якіх-небудзь заяў і дакументаў. Пастанова № 192/6 уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 красавіка 2020 г.

Пастанова № 192/6 прынята ў межах распрацаванага ўрадам Рэспублікі Беларусь комплексу мер па забеспячэнні стабільнай працы эканомікі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце і накіравана на зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на беларускія суб’екты гаспадарання, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць у бягучых умовах.

У адпаведнасці з пастановай № 192/6 падаўжэнне на 100 каляндарных дзён тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый, якія прыпадаюць на перыяд з 1 красавіка па 30 чэрвеня 2020 г., датычыцца як тэрмінаў, устаноўленых падпунктам 1.4 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2008 г. № 178 «Аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый», падпунктамі 1.1 і 1.2 пункта 1 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 2011 г. № 1483/22 «Аб устанаўленні тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый па асобных відах знешнегандлёвых дагавораў і ўмовах падаўжэння тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый», у тым ліку ўстаноўленых ва ўзгадненнях адпаведнага вышэйстаячага дзяржаўнага органа, аблвыканкама або Мінскага гарвыканкама, у падпарадкаванні (складзе) якога знаходзіцца рэзідэнт (для арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці і індывідуальных прадпрымальнікаў – аблвыканкама або Мінскага гарвыканкама), так і тэрмінаў, падоўжаных дазволамі Нацыянальнага банка.